«Кадыраўцы» пачалі масавыя рэпрэсіі супраць Z-патрыётаў у РФ
- 14.11.2025, 11:47
Некаторыя прапагандысты ўжо пакаяліся.
У Расіі разгараецца новы віток унутраных рэпрэсій: цяпер пад удар патрапілі не толькі звычайныя крытыкі рэжыму, але і лаяльныя Z-блогеры, якія яра падтрымлівалі вайну супраць Украіны, піша «Диалог.UA».
Прадстаўнік Мінабароны і камандзір чачэнскага падраздзялення «Ахмат» Апты Алаудзінаў абвясціў пра пачатак маштабнай кампаніі супраць тых, хто, паводле версіі Крамля, «раскачвае краіну знутры».
Паводле слоў Алаудзінава, першыя пратаколы аб «дыскрэдытацыі» арміі — толькі пачатак. Ён заявіў, што ў бліжэйшы час у сілавыя структуры накіруюць новыя матэрыялы, у тым ліку па «экстрэмізме». Па яго словах, каральная машына «набярэ такія абароты, што ўсе яны ашалеюць».
Фактычна гаворка пра масавую зачыстку ўласнага прапагандысцкага поля — тых, хто яшчэ ўчора гучна падтрымліваў вайну. Алаудзінаў сцвярджае, што блогерам далі сем дзён, каб «ачнуцца»: выдаліць пасты і публічна папрасіць выбачэння. Тым, хто гэтага не зробіць, ён пагражае крымінальным пераследам і абяцае «знішчаць у прававым полі».
Ужо вядома, што некаторыя Z-аўтары пайшлі на пакаянне, сярод іх Ілля Рэмесло і аўтары блога «КатяВаля».
Алаудзінаў публічна сустракаўся з імі, уручаў «падзячныя лісты» і называў іх «патрыётамі». Тым часам астатнія прадстаўнікі Z-супольнасці працягваюць трапляць пад ціск сілавікоў.
На пачатку лістапада была затрыманая аўтарка канала «Ахранота V ватніку» Аксана Кобелева, якая адважылася раскрытыкаваць самога Алаудзінава.
Яе выпусцілі толькі пасля ўзбуджэння адміністрацыйнай справы і публікацыі выбачэнняў. Да гэтага расійскія ўлады ўнеслі ў рэестр «інаагентаў» Рамана Алёхіна і Сяргея Маркава, а блогерку Таццяну Монтян і ўвогуле прызналі «тэрарысткай».