У Мінску прастаюць бяссэнсоўныя стратныя паркінгі
- 14.11.2025, 10:59
Што з імі зробяць?
Частку недабудаваных шматузроўневых паркінгаў у Мінску, якія аказаліся не запатрабаванымі, вырашылі перапрафіляваць у шматфункцыянальныя аб'екты, паведамляе «Першы інфармацыйны».
Так, у маладым мікрараёне Карзюкі на поўдні Мінска прастаюць два нікому не патрэбныя збудаванні, на ўзвядзенне якіх з бюджэту было выдзелена каля 7 млн рублёў. Іх могуць ператварыць у памяшканні пад крамы і бытавыя паслугі.
— Мы прыйшлі да таго, што стаянкі будуюцца там, дзе яны неабходныя, але, на жаль, ёсць аб'екты, якія пабудаваныя нерацыянальна. Мы пераўтворым іх у шматфункцыянальныя комплексы: адзін паркінг — у краму, другі — пад дробныя аб'екты: хімчыстка, аптэка і г.д., — расказала намесніца генеральнага дырэктара па эканоміцы і развіцці ГО «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» Алеся Каляга.
Між тым частка жыхароў сталіцы скардзіцца на недахоп паркавальных месцаў у новых жылых раёнах, асабліва ў адносна нядаўна пабудаваных комплексах «Мінск-Мір» і «Маяк Мінска». Камітэт дзяржкантролю адзначае, што пры праектаванні шэрагу аб'ектаў інвестары і гарадскія ўлады няправільна ацанілі перспектывы іх выкарыстання. З-за гэтага некаторыя паркінгі аказаліся стратнымі.
— Трэба да ўсяго падыходзіць з галавой, думаць не толькі пра тое, каб укласці інвестыцыі. Потым незразумела, як эксплуатаваць няпростыя збудаванні, такія, як паркоўкі. Над гэтым трэба думаць, працаваць і рабіць менавіта шматузроўневыя паркоўкі з адпаведнымі аб'ектамі аўтасэрвісу, шынамантажу, мыйкамі, СТА, крамамі, магчыма крамамі крокавай даступнасці, каб размеркаваць выдаткі на ўтрыманне і мець магчымасць усталяваць прымальныя тарыфы для жыхароў дамоў, якія будуць усім гэтым карыстацца, — заявіў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення кантролю будаўніцтва, ЖКГ і па Мінску Камітэта дзяржкантролю Беларусі Уладзімір Бондар.
Асобная праблема — даўгабуды. На вуліцах Лобанка, Сухараўскай, Янкоўскага і Скрыпнікава недабудаваныя або амаль гатовыя паркінгі шмат гадоў стаяць без выкарыстання. У некаторых выпадках канструкцыі пачалі разбурацца або падвяргацца марадзёрству. Частку такіх аб'ектаў цяпер дэмантажуюць або разглядаюць варыянты рэканструкцыі пад іншыя патрэбы.
— У Мінску, як высветлілася, шмат пралікаў і ўпушчанняў. І інвестары дапускалі памылкі, і гарадскія ўлады неналежным чынам пралічвалі перспектывы далейшай эксплуатацыі паркінгаў. Як мы бачым, гэта прыносіць гораду толькі дадатковыя страты. Але ёсць і пазітыўныя прыклады — арганізацыя платных паркоўкаў уздоўж дарог, належнае іх абсталяванне і далейшы кантроль, што дало штуршок развіццю гэтых паркоўкаў, — падкрэсліў Уладзімір Бондар.