Польшча адкрывае два памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю
- 14.11.2025, 8:58
Сталі вядомыя тэрміны.
Два польскія памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю плануецца адкрыць 17 лістапада. Пра гэта гаворыцца ў праекце распараджэння Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, паведамляе PAP.
Згодна з дакументам, 17 лістапада 2025 года будзе адноўлены рух праз два пакуль закрытыя аўтамабільныя пункты пропуску на польска-беларускай мяжы — «Баброўнікі» (з беларускага боку — «Бераставіца») і «Кузніца» («Брузгі»).
«Кузніцу» плануецца адкрыць толькі для лёгкавога пасажырскага транспарту, без аўтобусаў. «Баброўнікі» — і для аўтамабіляў, і для аўтобусаў. Таксама праз гэты памежны пераход будуць прапускаць грузавы транспарт, але з абмежаваннямі: толькі аўтамабілі, зарэгістраваныя ў краінах ЕС, дзяржавах Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (ЕАСТ) — удзельніцах пагаднення аб Еўрапейскай эканамічнай прасторы, і ў Швейцарыі.
«Запланаваныя меры накіраваныя на аднаўленне руху людзей і тавараў. Гэта адказ на запыты грамадства — асабліва шматлікай групы прадпрымальнікаў, перавозчыкаў і працоўных мігрантаў, якія штодзённа перасякаюць мяжу паміж Беларуссю і Польшчай», — гаворыцца ў абгрунтаванні да дакумента.
Нагадаем, цяпер на мяжы Польшчы і Беларусі для аўтамабільнага руху адкрыты толькі адзін пункт пропуску — «Тэрэспаль» («Брэст»), а для грузавога транспарту — «Кукурыкі» («Казловічы»). Адкрыты таксама тры чыгуначныя памежныя пераходы для грузавых перавозак.
28 кастрычніка прэм’ер-міністр Дональд Туск заявіў, што Польшча гатовая ў лістападзе адкрыць яшчэ два памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю: у Баброўніках (з беларускага боку — «Бераставіца») і Кузніцы («Брузгі»).
Але 29 кастрычніка Савет міністраў Літвы прыняў рашэнне, што літоўска-беларуская мяжа будзе закрытая да 30 лістапада ў сувязі з пачашчэннем выпадкаў прылёту метэазондаў з кантрабандай. І міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі паведаміў, што Варшава вырашыла падтрымаць Вільнюс і адклала на некалькі тыдняў адкрыццё двух пунктаў пропуску ў Падляскім ваяводстве.