Сілавікі атрымаюць права замарожваць выдатковыя аперацыі беларусаў
- 13.11.2025, 18:24
Пад выглядам «барацьбы з наркотыкамі».
Дыктатар Лукашэнка 13 лістапада падпісаў указ № 394, накіраваны на ўзмацненне антынаркатычных мер. Дакумент карэктуе раней дзейны ўказ № 269 ад 29 жніўня 2023 года «Аб мерах па супрацьдзеянні несанкцыянаваным плацежным аперацыям».
Паводле новага ўказу, Нацыянальны банк арганізуе інфармацыйнае ўзаемадзеянне паміж праваахоўнымі органамі і пастаўшчыкамі плацежных паслуг для абмену звесткамі пра транзакцыі, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.
Перадача і апрацоўка даных будуць ажыццяўляцца праз аўтаматызаваную сістэму апрацоўкі інцыдэнтаў Нацбанка.
Акрамя таго, Следчы камітэт і МУС атрымалі права прыпыняць выдатковыя аперацыі, якія могуць быць звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, на тэрмін да 10 сутак пры наяўнасці пацверджанай інфармацыі.