BE RU EN

На чым трымаецца пуцінскі рэжым

  • Канстанцін Сонін
  • 13.11.2025, 12:09

Дрэнныя інстытуты — не выпадковасць.

Журналісты «Праекта» зрабілі каласальную працу — сабралі ў адным месцы сотні прыкладаў кумаўства і карупцыі ў расійскай уладзе часоў Пуціна. Атрымалася не проста хроніка «бацькоў і дзядоў», а свайго кшталту база даных для даследчыкаў палітычнай эканомікі.

Гэтыя гісторыі ідэальна кладзяцца на акадэмічныя мадэлі, што тлумачаць, чаму адны краіны развіваюцца, а іншыя — не.

Я згадаў дзве даўнія працы гарвардскага прафесара Андрэя Шлейфера — аднаго з самых цытуемых эканамістаў свету. Першая з іх (у сааўтарстве з Кевінам Мэрфі і Робертам Вішні), Allocation of Talent, апісвае, як краіна з аднолькавымі зыходнымі ўмовамі можа апынуцца ў розных раўнавагах.

«Множныя раўнавагі» — гэта тлумачэнне, якое сучасная эканамічная навука прапануе для факта, што краіны з аднолькавымі «фундаментальнымі» паказчыкамі (прыроднымі рэсурсамі, кліматам, гісторыяй, чалавечым капіталам) развіваюцца зусім па-рознаму. Адны аказваюцца багатымі і працягваюць расці, а іншыя становяцца беднымі і стагнуюць. Гэтыя краіны адрозніваюцца не тым, што ў іх ёсць, а тым, што людзі ў іх робяць.

У мадэлі Шлейфера, Вішні і Мэрфі фігуруюць людзі з прадпрымальніцкім талентам. У адной — «добрай» — раўнавазе таленавітыя людзі ствараюць бізнесы, інавацыі, новыя рынкі. Такія праекты пашыраюць «пірог эканомікі», эканоміка расце.

У другой — «дрэннай» — раўнавазе тыя ж самыя таленавітыя людзі ідуць у дзяржсектар, бо там выгадней: стабільнасць, сувязі, гарантыі. Але дзяржсектар не стварае новай вартасці — ён толькі дзеліць старую. Дзяржсектар толькі дзеліць «пірог», ніяк яго не павялічваючы. У такой раўнавазе тыя, хто мог бы быць самастойнымі прадпрымальнікамі, лічаць для сябе больш выгадным займаць падначаленыя пасады ў дзяржаўнай іерархіі.

І тая, і іншая раўнавага можа складвацца, яшчэ раз падкрэслю, у адных і тых жа па ўсіх паказчыках краінах — у гэтым сутнасць «множнасці». Абедзве раўнавагі ўстойлівыя, толькі адна — «дрэнная»: з гіпертрафіраваным дзяржсектарам і недаразвітым прадпрымальніцкім сектарам, а другая — «добрая».

Цікава, як гэтая старая мадэль добра прадказвае стагнацыю, якая ў пуцінскай эканоміцы была заўважная яшчэ да вайны і якая зацягнецца яшчэ на дзесяцігоддзі.

Другая серыя прац Шлейфера і сааўтараў тлумачыць, адкуль увогуле бяруцца «добрыя інстытуты» — суды, законы, абарона ўласнасці. Каб яны з’явіліся, патрэбны палітычны попыт: іх павінны жадаць тыя, каму яны выгадныя. Лагічна: багатыя ўладальнікі актываў павінны патрабаваць абароны ўласнасці, лабіраваць прыняцце якасных законаў, галасаваць за палітыкаў, якія будуць выкараняць карупцыю ў судах і паліцыі і г. д.

Але гэтая тэорыя напроста не працуе, што стала зразумела яшчэ ў 1990-я гады. Мая магістарская дысертацыя (да гэтага часу адна з самых цытуемых маіх прац) называлася так: Why May the Rich Favor Poor Protection of Property Rights — гэта была тэорыя таго, чаму багатыя не абавязкова будуць лабіраваць добрыя законы і сумленных паліцэйскіх для ўсіх.

Бо існуе і ўстойлівая дрэнная раўнавага, у якой менавіта багатыя становяцца бенефіцыярамі дрэнных інстытутаў і выйграюць дзякуючы таму, што паліцыя карумпаваная. Гэта ідэя раней з’явілася ў працах Леаніда Палішчука, найважнейшага вучонага-эканаміста ў Расіі ў 1990-я, а таксама ў Нобелеўскага лаўрэата Джозэфа Стыгліца і іншых эканамістаў.

Механізм стварэння інстытутаў, апісаны Шлейферам, не прывёў да з’яўлення ў Расіі паўнавартасных капіталістычных інстытутаў. Але гэта, па сутнасці, адзіны спосаб з’яўлення інстытутаў — праз палітычны працэс.

Тое, што мы бачым у Расіі цяпер — і чытаем у расследаванні «Праекта», — вынік «інстытуцыйнай эвалюцыі». У артыкуле Alternative Institutions, апублікаваным намі з Наталляй Ламберовай у 2018 годзе, мы апісалі гэты механізм фармальна: лідар, які найперш імкнецца захаваць уладу, абірае лаяльнасць, а не прафесіяналізм, прызначаючы кіраўніка дзяржкарпарацыі. Чужыя могуць і перакінуцца на бок якога-небудзь ворага — але хто можа быць больш лаяльны і надзейны, чым член сям’і?

Вось чаму расследаванне «Праекта» — зусім не проста хроніка пуцінскай карупцыі. Гэта ілюстрацыя фундаментальнага закона палітычнай эканомікі: дрэнныя інстытуты — не выпадковасць, а ўстойлівая раўнавага, выгодная тым, хто ва ўладзе.

Канстанцін Сонін, The Moscow Times

Апошнія навіны