Пяскоў следам за Лаўровым пачаў прасіць Трампа аб перамовах
- 13.11.2025, 9:27
Прэс-сакратар Пуціна прызнаў, што Расія нясе страты.
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль спадзяецца на аднаўленне кантактаў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам па пытаннях урэгулявання ваеннага канфлікту ва Украіне. Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю CNN, падкрэсліўшы, што Масква гатовая наладжваць адносіны з Вашынгтонам «так жа хутка, як гатовая Амерыка». Напярэдадні аналагічную заяву зрабіў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў.
«Мы шчыра спадзяёмся, што прэзідэнт Трамп усё яшчэ гатовы садзейнічаць палітычнаму і дыпламатычнаму ўрэгуляванню ўкраінскай праблемы», — адзначыў Пяскоў. Ён таксама падкрэсліў неабходнасць «паляпшаць двухбаковыя адносіны, адкрываць новыя магчымасці для гандлю і эканамічнага супрацоўніцтва», дадаўшы, што перад бакамі «адкрываюцца вельмі бліскучыя гарызонты». Паводле яго слоў, цяперашняя сітуацыя прыводзіць да таго, што «мы губляем час, губляем грошы, губляем прыбытак».
Заява Пяскова прагучала неўзабаве пасля звароту Сяргея Лаўрова, які заклікаў ЗША аднавіць падрыхтоўку да саміту Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа ў Будапешце, які быў адменены пасля адмовы Расіі спыніць вайну ва Украіне. Лаўроў адзначаў, што Масква не разумее прычын, паводле якіх ЗША адмянілі сустрэчу. Ён сцвярджаў, што падчас папярэдніх кантактаў бакі «добра і ветліва пагаварылі, пацвердзілі рух на аснове паразуменняў Анкорыджа» і ўжо збіраліся перайсці да перамоваў паміж прадстаўнікамі знешнепалітычных, ваенных ведамстваў і спецслужбаў.
«Але замест гэтага паследавала публічная заява, што няма сэнсу сустракацца», — паскардзіўся кіраўнік МЗС. Міністр таксама абвінаваціў брытанскія СМІ ў «развязанні інфармацыйнай кампаніі і хлусні» пра тое, што саміт быў адменены з-за максімалісцкіх патрабаванняў Крамля.
Раней Reuters паведамляла, што Трамп адмовіўся ад саміту ў Будапешце пасля таго, як стала ясна, што Расія не гатовая да саступак, «хоча занадта шмат» і па-ранейшаму адмаўляецца спыняць баявыя дзеянні па бягучай лініі фронту.
Паводле даных агенцтва, адмяніць саміт з Пуціным Трампу параіў дзяржсакратар ЗША Марко Рубіо, які па выніках тэлефоннай размовы з Лаўровым прыйшоў да высновы аб бесперспектыўнасці далейшых кантактаў з Масквой па пытаннях вайны ва Украіне. Пасля адмены сустрэчы ў Будапешце Вашынгтон упершыню з моманту вяртання Трампа ў Белы дом увёў супраць Расіі новы пакет санкцый.