Французскі парламент спыніў скандальную рэформу Макрона
- 13.11.2025, 5:36
Рашэнне часовае.
Нацыянальная асамблея Францыі прыняла рашэнне прыпыніць дзеянне супярэчлівага закона 2023 года, які павышаў пенсійны ўзрост з 62 да 64 гадоў для большасці работнікаў — да прэзідэнцкіх выбараў 2027 года. Пра гэта піша Politico.
За прыпыненне прагаласавалі 255 дэпутатаў, супраць — 146. Рашэнне падтрымалі левыя — сацыялісты і «зялёныя», а таксама дэпутаты з ультраправога «Нацыянальнага аб’яднання». Супраць выступілі прадстаўнікі крайняй левай з партыі «Непадпарадкаваная Францыя», правыя з «Рэспубліканцаў» і цэнтрысты з партыі Horizons. Большасць дэпутатаў ад прэзідэнцкай партыі Эмануэля Макрона устрымаліся.
Прэм’ер-міністр Себасцьян Лекорню прапанаваў часова прыпыніць рэформу ў мінулым месяцы — як кампраміс, каб захаваць урад. Паводле ацэнак міністра працы і салідарнасці Жана-П’ера Фаранду, гэтае рашэнне будзе каштаваць дзяржаве каля 300 мільёнаў еўра ў 2026 годзе і 1,9 мільярда — у 2027-м.
Францыя цяпер знаходзіцца пад ціскам скараціць велізарны дзяржаўны доўг, і Лекорню паабяцаў паменшыць дэфіцыт бюджэту да не больш чым 5% ВУП у наступным годзе. Хоць прыпыненне рэформы знізіла палітычную напружанасць унутры краіны, яно адначасова выклікала занепакоенасць адносна сур’ёзнасці падыходу Францыі да аздараўлення дзяржаўных фінансаў — асабліва на фоне старэння насельніцтва і росту колькасці пенсіянераў.
Еўракамісія заклікала Парыж кампенсаваць фіскальныя страты іншымі мерамі, а рэйтынгавыя агенцтвы папярэдзілі пра эканамічныя рызыкі адмены рэформы.
Агенцтвы Standard & Poor’s і Fitch ужо панізілі крэдытны рэйтынг Францыі да ўзроўню single-A, а Moody’s у мінулым месяцы панізіла прагноз для краіны са «стабільнага» да «негатыўнага», адзначыўшы магчымыя доўгатэрміновыя наступствы замарожвання пенсійнай рэформы.
Нацыянальная асамблея, ніжняя палата французскага парламента, павінна прыняць поўны пакет сацыяльнага бюджэту — у які ўваходзіць пункт аб прыпыненні пенсійнай рэформы — да поўначы. Пасля гэтага дакумент перайдзе на разгляд у Сенат.
Калі Нацыянальная асамблея адхіліць бюджэт або не паспе прагаласаваць, Сенат будзе разглядаць першапачатковую версію, прапанаваную ўрадам. У той жа час кабінет міністраў ужо заявіў, што ўнясе папраўкі з улікам усіх змен, ухваленых дэпутатамі — уключаючы прыпыненне пенсійнай рэформы.