Навукоўцы раскрылі просты сакрэт дасягнення складаных мэт
- 12.11.2025, 22:51
Псіхолагі далі важныя парады.
Людзі, якія ўмеюць кантраляваць эмоцыі і дзейнічаць рашуча, значна часцей дасягаюць складаных мэт, чым тыя, хто схільны вагацца і адкладаць рашэнні. Да такой высновы прыйшлі псіхолагі з Універсітэта Трыра ў Германіі. Праца апублікаваная ў часопісе Motivation and Emotion.
Навукоўцы абапіраліся на тэорыю ўзаемадзеяння асобасных сістэм, згодна з якой паспяховасць дасягнення мэт залежыць не столькі ад матывацыі або часу, колькі ад умення кіраваць унутраным станам. Так званыя «арыентаваныя на дзеянне» людзі лягчэй пераключаюцца з этапу планавання на дзеянне, асабліва ў стрэсавых сітуацыях. Іх процілегласць — «арыентаваныя на стан», якія захрасаюць у разважаннях і сумненнях.
Каб праверыць тэорыю, аўтары Карла Вальденмайер і Нікола Бауманн правялі чатырохтыднёвае даследаванне з удзелам 199 чалавек, пераважна студэнтаў (сярэдні ўзрост — 22 гады). Кожны ўдзельнік выбраў шэсць асабістых мэт, ацаніў іх складанасць і праз месяц паведаміў, ці ўдалося іх дасягнуць.
Вынікі даказалі, што чым складаней мэта, тым ніжэй верагоднасць яе дасягнення. Аднак у «арыентаваных на дзеянне» ўдзельнікаў гэтая сувязь была слабей: яны часцей паспяхова спраўляліся нават са складанымі задачамі. А вось у «арыентаваных на стан» поспех рэзка змяншаўся па меры ўскладнення мэт. Пры лёгкіх задачах розніцы паміж групамі амаль не было.
«Хто падымаецца на Эверэст? Усё залежыць ад таго, наколькі складанай чалавек лічыць гэтую мэту. Для «дзейных» — гэта чарговы выклік, для «вагаючыхся» — перашкода», — адзначылі аўтары даследавання.
Навукоўцы падкрэслілі, што ключавым фактарам з'яўляецца самарэгуляцыя эмоцый: уменне захоўваць спакой, калі нешта ідзе не паводле плану, і своечасова перайсці ад аналізу да дзеяння.