Ці давядзецца Сербіі парываць з Расіяй?
- 12.11.2025, 17:53
Справа не толькі ў санкцыях ЗША.
Адносіны паміж Сербіяй і яе даўнім саюзнікам Расіяй апынуліся пад пагрозай з-за энергетычнага крызісу і амерыканскіх санкцый. У цэнтры канфлікту — лёс нацыянальнай нафтавай кампаніі NIS, больш за палову акцый якой належыць расійскаму «Газпраму», піша BBC (пераклад — сайт Charter97.org).
Пасля ўступлення ў сілу санкцый ЗША супраць NIS у кастрычніку кампанія сутыкнулася з неадкладнымі наступствамі: Visa і Mastercard спынілі абслугоўванне плацяжоў, запраўкі NIS вымушаныя прымаць аплату толькі наяўнымі. Патокі нафты праз харвацкі нафтаправод Janaf спынены, і, паводле слоў міністра энергетыкі Сербіі Дубраўкі Джедавіч, запасы сыравіны могуць вычарпацца ўжо да канца лістапада.
Міністр пацвердзіла, што расійскія акцыянеры папрасілі ў ЗША вызвалення ад санкцый, заявіўшы пра гатоўнасць перадаць кантроль над кампаніяй трэцяму боку. Аднак перамовы зацягваюцца.
Праблема не абмяжоўваецца нафтай. Кантракт на пастаўку расійскага газу, які забяспечваў Сербіі льготныя цэны, заканчваецца ў канцы года, і Масква пакуль не спяшаецца яго працягваць. Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч прызнаў, што «вельмі расчараваны» пазіцыяй Крамля.
Дадатковае напружанне выклікаў і сербскі экспарт узбраенняў. Бялград заявіў, што можа прадаваць зброю краінам Еўрасаюза, не кантралюючы яе далейшае выкарыстанне, што выклікала рэзкую рэакцыю Масквы.
Калі Вашынгтон зацвердзіць выключэнне для NIS, пастаўкі нафты адновяцца, аднак газавае пагадненне застаецца пад пытаннем. На фоне крызісу ўсё больш прыкмет таго, што Бялград паскарае рух у бок еўрапейскай інтэграцыі.