Лукашэнка клянчыць у Расіі грошы
- 12.11.2025, 14:37
Ёсць праблемы з выплатамі па даўгах.
Мінск разлічвае на фінансавую дапамогу Крамля, каб плаціць у наступным годзе па сваіх даўгах, піша сайт «Беларусы і рынак».
Пра гэта на пашыраным пасяджэнні камісіі так званай палаты прадстаўнікоў заявіў міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў.
Паводле яго слоў, аб'ём дзяржаўнага доўгу, які трэба пагасіць у наступным годзе, складае 17,7 млрд рублёў.
«Для пагашэння спатрэбіцца прыцягваць дадатковыя рэсурсы, якія мы плануем атрымаць у рамках фінансавай дапамогі Расійскай Федэрацыі ў адпаведнасці з раней дасягнутымі дамоўленасцямі», — таксама сказаў міністр.
Селіверстаў дадаў, што ўлады будуць працаваць і над рэфінансаваннем часткі дзяржаўнага доўгу. Мінфін працягне запазычваць грошы на ўнутраным рынку праз аблігацыі. Плануецца размясціць іх прыблізна на 560 млн рублёў.
Таксама на абслугоўванне доўгу спатрэбіцца яшчэ 6 млрд рублёў. Яно будзе ажыццяўляцца за кошт даходаў бюджэту.
Нагадаем, законапраект аб рэспубліканскім бюджэце на наступны год быў унесены ў Палату прадстаўнікоў 31 кастрычніка.
Выдаткі плануюцца ў памеры больш за 58,7 млрд рублёў, даходы — прыблізна 54,4 млрд рублёў. То-бок закладзены дэфіцыт каля 4,3 млрд рублёў. Для параўнання: на гэты год планавалі амаль 4,5 млрд рублёў.