У Расіі прыдумалі «ліквідацыю» духоўніка Пуціна
- 12.11.2025, 14:12
З мэтай «сарваць перамовы РФ і ЗША».
Замах на мітрапаліта Сімферопальскага і Крымскага Ціхана (Георгія Шаўкунова) быў спробай Кіева «сарваць перамовы паміж Расіяй і ЗША» аб завяршэнні вайны ва Украіне, заявілі ў Цэнтры грамадскіх сувязяў ФСБ. Служба паведаміла пра праведзеныя 11 лістапада вобшукі і допыты ў Маскве, Пскоўскай вобласці і ў Крыме па крымінальнай справе, узбуджанай у лютым 2025 года, паведамляе The Moscow Times.
Паводле версіі ФСБ, памочнік Ціхана Дзяніс Паповіч і клерык Мікіта Іванковіч павінны былі забіць архіерэя «па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў», усталяваўшы самаробную выбуховую прыладу на тэрыторыі Срэценскага манастыра ў Маскве.
«Пры гэтым кіеўскі рэжым разлічваў на тое, што ў выпадку паспяховай рэалізацыі тэракта… расійскі бок будзе вымушаны адмовіцца ад мірных перамоў», — адзначылі ў ФСБ. Прычынна-выніковую сувязь служба не раскрыла.
Аднак, паводле дадзеных СМІ, Ціхан з'яўляецца духоўнікам прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Сам мітрапаліт казаў, што «кансультуе» кіраўніка дзяржавы. Каментуючы інфармацыю ФСБ, прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Расія не абмяркоўвала з ЗША замах на Ціхана ў пазначаным службай кантэксце.