СБУ сарвала серыю тэрактаў у Кіеве
- 12.11.2025, 13:58
Расійская ФСБ рыхтавала выбухі ў метро і ТРЦ.
Служба бяспекі Украіны прадухіліла маштабную спробу расійскіх спецслужбаў здзейсніць серыю тэрактаў у сталіцы.
Аб гэтым паведамляе прэс-служба СБУ.
Паводле дадзеных слядства, ФСБ рыхтавала выбухі ў кіеўскім метро і буйных гандлёва-забаўляльных цэнтрах, а таксама заказныя забойствы вядомых украінцаў.
Як усталявалі контрвыведнікі, арганізатарам злачынстваў быў жыхар часова акупаванага Крыма, які пасля 2014 года пачаў працаваць на ФСБ. Ён вербаваў «аднадумцаў» сярод сваіх знаёмых, у прыватнасці грамадзянаў Украіны, якія не падлягалі мабілізацыі.
Адзін з завербаваных агентаў праз трэція краіны прыбыў у Кіеў. Там ён павінен быў адшукаць схрон са зброяй, пісталетам «Макарава», і выканаць заказное забойства вядомай медыйнай асобы.
Акрамя таго, агент атрымаў заданне падрыхтаваць тэракты ў некалькіх сталічных ТРЦ і на адной з станцый метро. Для гэтага ён атрымаў інструкцыі па вырабе самаробных выбуховых прыладаў, абсталяваных мабільнымі тэлефонамі для дыстанцыйнага падрыву ў гадзіну-пік.
Мэта дыверсіі — пасеяць паніку сярод кiеўцаў і дэстабілізаваць сітуацыю ў сталіцы.
Дзякуючы аператыўным дзеянням СБУ агента ўдалося выкрыць яшчэ да таго, як ён рэалізаваў злачынны план. Слядчыя задокументавалі ўсе яго кантакты з куратарам з Крыму.
Рэзідэнту ФСБ ужо паведамлена пра падазрэнне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса Украіны:
дзяржаўная здрада (ч. 2 арт. 111),
тэрарыстычны акт (ч. 2 арт. 258),
незаконнае абыходжанне са зброяй (ч. 1 арт. 263).
Паколькі фігурант знаходзіцца на часова акупаванай тэрыторыі, працягваюцца мерапрыемствы для яго прыцягнення да адказнасці. Следчыя таксама ўсталёўваюць іншых удзельнікаў агентурнай сеткі ФСБ.