BE RU EN

Пяты дзень пошукаў: школьніка шукаюць тысячы людзей, але вынікаў няма

  • 12.11.2025, 11:19

Адпрацоўваецца версія выкрадання.

У Беразінскім раёне працягваюцца пошукі 14-гадовага Максіма Зяньковіча, які раніцай 8 лістапада паехаў на ровары у невядомым напрамку. У міліцыі распавялі, што цяпер адпрацоўваюць некалькі версій, у тым ліку ДТЗ і выкраданне дзіцяці.

Максіма шукаюць пошукавыя атрады з удзелам валанцёраў, супрацоўнікі МНС і міліцыі Мінскай вобласці. Па стане на раніцу 12 лістапада адпрацавана 2925 га тэрыторыі, 69 населеных пунктаў і больш за 10 км ракі. У пошуках хлопчыка ўжо ўзялі ўдзел больш за 2 тыс. чалавек, паведаміў начальнік Беразінскага РАУС Вадзім Канапацкі.

«Міліцыя адпрацоўвае розныя версіі: дзіця выкрадзена, трапіла ў ДТЗ, заблукала і не можа паведаміць пра сябе. Пошукі Максіма працягнуцца, — адзначыў Вадзім Канапацкі. — На дадзены момант сумесна задзейнічана 116 адзінак тэхнікі, 358 чалавек, мноства квадракоптараў, 8 водалазаў, 2 пошукавыя сабакі. Дзясяткі аператыўнікаў адпрацоўваюць крымінальныя версіі».

Падлетку на выгляд каля 14 гадоў, рост 170 см, хударлявага целаскладу, валасы светла-русыя, хвалістыя. Хлопец быў апрануты ў цёплую балонневую куртку цёмна-зялёнага колеру, на капюшоне футра, цёмны гольф, штаны цёплыя спартыўныя цёмнага колеру, на штаніне ёсць прынт з выявай твару белага колеру, красоўкі чорныя з салатавым надпісам Air Мах, шапка шэрая з чорнай паласой.

Апошнія навіны