Расія праваліла план па пастаўках нафты праз Паўночны марскі шлях
- 12.11.2025, 6:31
Падрабязнасці.
Расія не змагла выканаць план па павелічэнні паставак нафты праз Паўночны марскі шлях (ПМШ) на азіяцкія рынкі. Паводле дадзеных кансультацыйнага цэнтра «Гекон», з якімі азнаёміўся «Коммерсантъ», з пачатку года аб'ём адгрузак па маршруце знізіўся на 4,2% — да 1,83 млн тон, пры тым што колькасць рэйсаў засталася нязменнай — 18. Ідзе пра пастаўкі з партоў Прыморск, Усць-Луга і Мурманск, а таксама з арктычнай платформы «Прыразломная» кампаніі «Газпром нафта» ў Пячорскім моры.
Навігацыя па ўсходняй частцы ПМШ, якая дазваляе танкерам зэканоміць да дзесяці сутак шляху ў параўнанні з маршрутам праз Суэцкі канал, завяршылася 28 кастрычніка. Летась аб'ёмы адгрузак па гэтым накірунку выраслі на 30%, да 1,91 млн тон, і ўлады разлічвалі на далейшы рост. Аднак прагнозы не спраўдзіліся, і цяпер доля ПМШ у агульным аб'ёме расійскага нафтавага экспарту застаецца менш за 1%.
Сёлета нафтавыя кампаніі істотна павялічылі долю адгрузак з Усць-Лугі — з 6% да 44% (0,81 млн тон). Пры гэтым пастаўкі з Мурманска скараціліся з 80% да 42% (0,76 млн тон), нягледзячы на яго выгаднае размяшчэнне для паставак у Кітай. Прыморск забяспечыў 11% паставак (каля 0,2 млн тон), а платформа «Прыразломная» — каля 4% (0,06 млн тон).
Асноўным атрымальнікам расійскай нафты па ПМШ стаў Кітай (1,3 млн тон), за ім ідуць Паўднёвая Карэя (0,2 млн тон) і Бруней, куды ўпершыню была пастаўлена партыя нафты сарту Novy Port аб'ёмам 0,14 млн тон. Яшчэ 0,2 млн тон было адгружана ў кабатажы ў порт Находка для перавалкі.
Паводле галіновых крыніц «Коммерсанта», рост адгрузак з Усць-Лугі можа быць звязаным з узрослай цікавасцю кітайскіх НПЗ да сарту Urals і тэставаннем больш кароткага маршруту. Зніжэнне паставак з Мурманска тлумачыцца тым, што «Газпром нафта» і «Лукойл», якія знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі, аддаюць перавагу выкарыстанню перавалкі з судна на судна на паўднёвым маршруце дзеля атрымання больш выгадных цэн.
На гэтым фоне прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 22 кастрычніка ўвёў санкцыі супраць «Раснафты», «Лукойла» і 34 іх даччыных прадпрыемстваў. У адказ на абмежаванні пяць індыйскіх нафтаперапрацоўчых заводаў, якія раней забяспечвалі дзве траціны паставак расійскай нафты, цалкам спынілі закупкі.
Кітайскія дзяржаўныя кампаніі Sinopec і PetroChina спынілі прамыя закупкі ў расійскіх кампаній. Да іх далучыліся і прыватныя кітайскія НПЗ. Паводле дадзеных Rystad Energy, абмежаванні закранулі каля 45% расійскага нафтавага экспарту ў Кітай.
Найбуйнейшы турэцкі НПЗ STAR, у сваю чаргу, пераключыўся на пастаўкі з Ірака і Казахстана, а кампанія Tupras цалкам адмовілася ад перапрацоўкі расійскай нафты дзеля захавання экспарту паліва ў Еўропу.