Арына Сабаленка распавяла, калі плануе нарадзіць дзіця і стварыць сям'ю
- 12.11.2025, 2:32
Цяпер беларуска хоча «максімальна рэалізаваць сябе ў сваім спорце».
«Прыблізна праз пяць гадоў» беларускай тэнісістцы Арыне Сабаленка хацелася б «паспрабаваць завесці сям'ю». Сваімі планамі на асабістае жыццё знакамітая спартсменка падзялілася ў падкасце Аляксандра Сакалоўскага.
Тэнісістка распавяла вядучаму, як у 18 гадоў уяўляла сваю будучыню.
— Я думала так: я выйграю ўсё, што хачу, да 25 [гадоў]. У 25 я народжу, вярнуся і працягну выйграваць. Наступіла 25, я выйграла нешта, але падумала: «Напэўна, гадоў у 27–28 народжу». Вось мне цяпер 27, я думаю: «Ну, пазней, перанясём».
Спартсменка адзначыла, што цяпер хоча «максімальна рэалізаваць сябе ў сваім спорце» і паглядзець, «як далёка яна можа зайсці».
— Напэўна, праз гадоў пяць хацелася б паспрабаваць завесці сям'ю і, магчыма, вярнуцца [у тэніс]. Зноў-такі, у залежнасці ад таго, на якой стадыі я буду ў сваім жыцці.
Арына падкрэсліла, што гэта для яе «цяжкі момант».
— Я вельмі люблю дзяцей, і, здаецца, дзеці любяць мяне. І я вельмі хацела б [дзяцей], але цяпер у прыярытэце мая кар'ера і паглядзець, як далёка я магу зайсці, — распавяла спартсменка.