BE RU EN

Сырскі: Расіяне плануюць «апошні манеўр» у баях за Данбас

  • 10.11.2025, 23:16

Расія спрабуе акружыць Пакроўск, каб у далейшым захапіць усю Данецкую вобласць.

У раёне Пакроўска расійскія войскі праводзяць маштабную наступальную аперацыю і сцягваюць значныя сілы, каб прарваць украінскую лінію абароны. Пра гэта ў інтэрвʼю The New York Post заявіў галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі.

Па яго словах, гэта «стратэгічна важны горад».

«Сітуацыя на перадавой сапраўды напружаная, вораг праводзіць стратэгічную наступальную аперацыю. Яны сабралі большасць сіл, ствараючы перавагу ў спробе прарваць нашу лінію абароны і захапіць гэты раён», — патлумачыў ён.

Сырскі абверг сцвярджэнні расійскіх прапагандыстаў пра нібыта падзенне Пакроўска і акружэнне ўкраінскіх падраздзяленняў. Паводле яго, падчас вераснёвай контратакі ЗСУ нанеслі значныя страты арміі РФ і вызвалілі 188 км², 248,7 км² — зачысцілі ад ДРГ.

У матэрыяле таксама гаворыцца, што з прыблізна 700 000 вайскоўцаў, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, у Пакроўск Масква перакінула каля 150 000 акупантаў; да наступу прыцягнулі буйныя механізаваныя групы і чатыры брыгады марской пяхоты.

Сырскі распавёў выданню, што мэта Расіі — акружыць Пакроўск і суседнія гарады з поўначы, поўдня і ўсходу, перакрыць лініі забеспячэння і прымусіць рэшткі мірнага насельніцтва эвакуявацца, каб пасля ажыццявіць «апошні гамбіт» для захопу ўсёй Данецкай вобласці.

«Наша задача — пераканацца, што ўзровень мабілізацыі людзей будзе роўны або меншы за колькасць страт, якія яны панясуць. Яны ўжо два месяцы вядуць гэтыя актыўныя штурмавыя дзеянні без усялякага адчувальнага поспеху», — сказаў галоўнакамандуючы.

Генштаб ЗСУ раніцай 10 лістапада паведамляў пра 265 баявых сутыкненняў на фронце за суткі, амаль 100 з іх адбыліся на Пакроўскім накірунку.

Апошнія навіны