У Украіне праходзяць вобыскі ў саўладальніка студыі «Квартал 95»
- 10.11.2025, 14:16
Тымур Міндыч пакінуў краіну.
Дэтэктывы Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро раніцай 10 лістапада праводзяць вобыскі ў бізнесмена і саўладальніка студыі «Квартал 95», паплечніка прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага Тымура Міндыча. Пра гэта піша «Украінская праўда» са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах.
Адзначаецца, што вобыск адбываецца ў Кіеве, іншыя падрабязнасці пакуль невядомыя.
У той жа час, паводле звестак суразмоўцаў УП у палітычных колах, Міндыч пакінуў тэрыторыю Украіны. Гэта адбылося ўначы 10 лістапада — за некалькі гадзін да вобыску НАБУ.
Тымур Міндыч — украінскі бізнесмен, кінапрадусар, саўладальнік кампаніі-студыі «Квартал 95».
Улетку СМІ пісалі, што НАБУ і САП рыхтуюць падазрэнне Міндычу. Тады паведамлялася, што структура, звязаная з Міндычам, магла быць фігурантам расследавання Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Украіны адносна магчымога завалодання дзяржаўнымі сродкамі.
Таксама паведамлялася, што Міндыч можа стаць фігурантам расследавання амерыканскага Федэральнага бюро расследаванняў.