Расійская пара ўвязалася ў бойку з украінкамі на канцэрце Лабады ў Кішынёве
- 10.11.2025, 13:21
Расіяне хваліліся сваім грамадзянствам.
Падчас канцэрта ўкраінскай спявачкі Святланы Лабады у Кішынёве, Малдова, адбылася гучная сутычка з удзелам пары з РФ і некалькіх украінак. Выступленне артысткі адбылося 8 лістапада, піша «Обозреватель».
Відэа з бойкай хутка распаўсюдзілася ў TikTok. На кадрах відаць, як жанчына б'е светлавалосую дзяўчыну па галаве, пасля чаго іншыя гледачы ўмешваюцца і адцягваюць нападніцу за валасы.
Побач з ёй агрэсіўна паводзіў сябе мужчына ў белай кашулі, які таксама ўступіў у канфлікт. Пазней высветлілася, што гэтая пара — грамадзяне Расіі.
Адна з пацярпелых, якую ўдарыла расіянка, патлумачыла сітуацыю так: «Мужчына канфліктаваў з усімі. Яго хтосьці ззаду ўдарыў, ён падумаў, што гэта мая сяброўка, якая стаяла побач, і ўдарыў яе. Я дастала тэлефон, каб мець нейкія доказы, узяла яго за “шкурку” і сказала выходзіць адтуль або — у паліцыю. За гэта атрымала ад яго “жанчыны” па твары».
Аўтарка відэа таксама апісала ход падзей: «Людзі прыходзілі спецыяльна раней, каб стаць бліжэй да сцэны. Хто побач стаяў, стараліся адзін аднаму не перашкаджаць. Потым гэтая парочка пачала гучна канфліктаваць паміж сабой, і ён штурхнуў маю сяброўку. Мы папрасілі адысці».
Дзяўчына дадала, што мужчына хваліўся сваім расійскім грамадзянствам і заявіў, што «украінцы павінны слухаць канцэрт у сябе ў краіне». Паводле яе слоў, канфлікт скончыўся тым, што пару нападнікаў вывела ахова.