WSJ: Германія звязвае падрыў «Паўночных патокаў» з Залужным
- 10.11.2025, 11:46
Нямецкія следчыя сцвярджаюць, што аперацыяй кіраваў былы галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны.
Нямецкія следчыя лічаць, што група ўкраінцаў, якія нібыта падарвалі газаправоды «Паўночнага патоку» ў Балтыйскім моры, дзейнічала пад кіраўніцтвам тагачаснага галоўнакамандуючага Узброеных Сіл Украіны Валерыя Залужнага.
Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле The Wall Street Journal.
Як адзначаецца, нямецкая паліцыя, пракуратура і іншыя асобы, знаёмыя з тонкасцямі справы, сфармавалі, як яны сцвярджаюць, «яснае ўяўленне пра тое, як элітнае ўкраінскае вайсковае падраздзяленне ажыццявіла атакі пад непасрэдным кіраўніцтвам тагачаснага вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброеных Сіл Украіны генерала Валерыя Залужнага».
Адсочваючы кампаніі па арэндзе лодак, тэлефоны і нумарныя знакі, патсдамская каманда заклала падмурак для таго, каб нямецкія ўлады выдалі ордэры на арышт трох салдатаў спецыяльнага ўкраінскага вайсковага падраздзялення і чатырох ветэранаў-глыбакаводных водалазаў, кажуць людзі, знаёмыя з гэтай справай.
Па іх словах, мэтай дыверсантаў было скарачэнне нафтавых даходаў Расіі і яе эканамічных сувязяў з Германіяй.
Вырашальным доказам стала зерністая чорна-белая фатаграфія, зробленая нямецкім хуткасным радарам. На ёй быў бачны твар украінскага глыбакаводнага водалаза, якога паліцыя ідэнтыфікавала з дапамогай камерцыйнага праграмнага забеспячэння для распазнавання твараў. За лічаныя хвіліны яны знайшлі яго профілі ў сацыяльных сетках і прафесійныя вэб-сайты са спасылкамі на іншых падазраваных у гэтай справе.
Украінскага водалаза, якога каманда адсачыла ў Польшчы, пасля даставілі ва Украіну на чорным BMW з дыпламатычнымі нумарамі, за рулём якога, нібыта, быў украінскі вайсковы аташэ ў Варшаве.
Камандзіра дыверсійнага падраздзялення тым часам знайшлі ў Італіі пасля знясільваючых пошукаў. Спачатку ў распараджэнні дэтэктываў была толькі пашпартная фотаздымка ўсміхнёнага, шырокаплечага мужчыны з бледна-блакітнымі вачыма, распавядаюць людзі, знаёмыя з ходам расследавання.
Яна была ўзятая з украінскага праязнога дакумента, якім ён карыстаўся падчас аперацыі: сапраўднага пашпарта, выдадзенага на чужое імя, што, паводле слоў паліцыі, з’яўляецца тыповым для аперацый украінскіх спецслужбаў. Яго не было ў сацыяльных сетках, і яго фота не знаходзілася ні ў адной еўрапейскай ці саюзніцкай базе даных.
Неўзабаве памежная паліцыя адной з сяброўскіх краін знайшла супадзенне. Мужчына ездзіў туды па справах.
Дэтэктывы атрымалі копію яго пашпарта з сапраўдным імем і датай нараджэння. Яны ідэнтыфікавалі яго як Сяргея К., 46-гадовага ветэрана Службы бяспекі Украіны. Ён уступіў у спецпадраздзяленне ў першы дзень расійскага ўварвання і камандаваў падраздзяленнем супрацьпаветранай абароны падчас бітвы за Кіеў у першыя тыдні вайны.
Чакаецца, што да снежня італьянскія суддзі вырашаць, ці экстрадаваць украінца ў Германію. Нямецкая паліцыя ўжо падрыхтавала спецыяльны самалёт, які забярэ Сяргея з Італіі і даставіць яго ў Гамбург для суда.