ХАМАС перадаў Ізраілю цела яшчэ аднаго закладніка
- 10.11.2025, 6:33
Яго маглі забіць яшчэ ў 2014 годзе.
ХАМАС у нядзелю, 9 лістапада, перадаў Ізраілю цела яшчэ аднаго закладніка. У групоўцы сцвярджаюць, што цела належыць ізраільскаму вайскоўцу Хадару Голдыну, які быў забіты ў 2014 годзе. Пра гэта піша AP.
Як заяўляе ХАМАС, цела Голдына знайшлі ў суботу, 8 лістапада, у тунэлі ў горадзе Рафах. Яго забілі 1 жніўня 2014 года, праз дзве гадзіны пасля таго, як уступіла ў сілу перамір’е паміж Ізраілем і ХАМАС.
У Ізраілі лічаць, што перададзенае цела сапраўды можа належаць лейтэнанту Голдыну, аднак для гэтага патрэбна пацвярджэнне судова-медыцынскай экспертызы, адзначыў спікер ізраільскага ўрада Шош Бедросян.
У матэрыяле адзначаецца, што Чырвоны Крыж перадаў цела ізраільскім вайскоўцам у Газе. Яго парэшткі даставілі ў Нацыянальны інстытут судова-медыцынскай экспертызы ў Тэль-Авіве.
Як раней паведамлялі ізраільскія медыя, са спасылкай на чыноўнікаў, якія гаварылі на ўмовах ананімнасці, ХАМАС зацягвае перадачу цела Голдына, спадзеючыся дамагчыся бяспечнага праходу для больш як 100 сваіх баевікоў, акружаных ізраільскімі войскамі і заблакаваных у Рафаху.