Новы ўрад Малдовы быў прыведзены да прысягі
- 1.11.2025, 19:08
Новы кіраўнік урада — грамадзянін Малдовы, Румыніі і ЗША.
Новы ўрад Малдовы быў прыведзены да прысягі ў суботу, 1 лістапада, прэзідэнткай Маей Санду, паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Moldpress.
— Клянуся выконваць Канстытуцыю і законы Малдовы, абараняць дэмакратыю і асноўныя правы чалавека, суверэнітэт і цэласнасць краіны, — заявіў новы прэм’ер краіны Аляксандру Мунтяну падчас урачыстай цырымоніі, якая адбылася ў прэзідэнцкім палацы ў Кішынёве. Яе трансляцыя вялася ў анлайн-рэжыме на сайце ўрада рэспублікі, паведамляе «Нямецкая хваля».
Новы кабінет міністраў, які ўзначальвае незалежны вучоны і інвестыцыйны банкір Мунтяну, лічыць сваёй найважнейшай задачай завяршэнне перамоваў аб уступленні Малдовы ў ЕС да 2028 года. Напярэдадні, падчас зацвярджэння складу ўрада ў парламенце галасамі 55 дэпутатаў кіроўнай праеўрапейскай партыі «Дзеянне і салідарнасць» (PAS), Мунтяну паабяцаў, што сыдзе ў адстаўку, калі не справіцца з гэтай задачай. Фракцыі камуністаў, сацыялістаў і дзвюх іншых апазіцыйных партый Малдовы адмовіліся падтрымаць новы кабмін і не ўдзельнічалі ў галасаванні.
Партыя «Дзеянне і салідарнасць» Маі Санду перамагла на парламенцкіх выбарах у Малдове напрыканцы верасня. 24 кастрычніка Санду вылучыла кандыдатуру Мунтяну на пасаду прэм’ер-міністра.
Мунтяну 20 гадоў пражыў у Кіеве
Новаму кіраўніку ўрада Малдовы — 61 год, апошнія 20 гадоў ён пражыў у сталіцы Украіны, Кіеве. З 2007 года ён узначальваў дэпартамент прамых інвестыцый кампаніі Dragon Capital, пазней заснаваў інвестыцыйную кампанію 4i Capital Partners. Раней Мунтяну працаваў банкірам у Малдове і Францыі, а таксама 10 гадоў працаваў у Сусветным банку ў Вашынгтоне. Ён з’яўляецца грамадзянінам Малдовы, Румыніі і ЗША. У ягоны кабінет уваходзіць больш беспартыйных экспертаў, чым членаў партыі PAS.
Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду ў сваёй прамове на цырымоніі інаўгурацыі ўрада краіны падзякавала новаму прэм’еру і ягонаму кабміну «за тое, што ўзялі на сябе адказнасць у складаны перыяд — як для нашай краіны, так і для ўсяго рэгіёна».
«Перад вамі — краіна, якой патрэбныя давер і вынікі. Жадаю вам сіл для працы, мудрасці ў рашэннях і адзінства ў дзеяннях», — цытуе агенцтва Moldpress словы прэзідэнткі.