Затрымана кіраўніцтва «Цэптэр Банка»
- 1.11.2025, 16:26
У іх правялі ператрусы.
Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю правёў ператрусы ў кіраўнікоў прыватнага «Цэптэр Банка» і арыштаваў старшыню праўлення банка Аляксандра Ігнатава, а таксама аднаго з яго намеснікаў, паведамляе «Наша Ніва».
Арышты прайшлі на пачатку гэтага тыдня, Аляксандр Ігнатаў апошні раз быў у мэсэнджарах 26 кастрычніка.
У чым сэнс прэтэнзій да прадстаўнікоў банка, пакуль невядома. Але, паводле звестак журналістаў, ператрусы прайшлі ў межах расследавання крымінальных спраў супраць Уладзіміра Сіроткі і іншых менеджараў «СофтКлуба», якіх затрымалі ў другой палове кастрычніка па абвінавачанні ў ўхіленні ад сплаты падаткаў і дачы хабару.
«Цэптэр Банк» — гэта невялікі камерцыйны банк, які належыць швейцарскаму холдынгу. На канец верасня 2025 года на рахунках Цэптэра захоўвалася 103 мільёны рублёў кліентаў, усяго на балансе банка — 168 мільёнаў рублёў. Тры кварталы гэтага года банк скончыў з 4 мільёнамі рублёў прыбытку.
Аляксандр Ігнатаў узначальвае банк з 2023 года, да гэтага працаваў у іншых банках, кар’еру пачынаў у Нацбанку.
Крыніцы журналістаў кажуць пра «цяжкія настроі» ў іншых камерцыйных і дзяржаўных банках, якія былі кліентамі «СофтКлуба» — вядучага пастаўшчыка рашэнняў для банкаў на ўнутраным рынку. Цыркулююць чуткі пра затрыманне і іншых банкіраў.