BE RU EN

Навукоўцы раскрылі важную загадку Сонца

  • 1.11.2025, 13:19

Дапамог гавайскі тэлескоп DKIST.

Дзесяцігоддзямі навукоўцы спрабавалі высветліць, чаму вонкавая атмасфера Сонца, якая называецца каранай, разаграваецца да мільёнаў градусаў. Бо паверхня Сонца прагрэваецца ўсяго да 5500°C.

Цяпер навукоўцы даведаліся прычыну. Як піша Daily Galaxy, прарыўнае адкрыццё яны зрабілі з дапамогай сонечнага тэлескопа Daniel K. Inouye (DKIST) на Гаваях.

Яшчэ ў 1942 годзе шведскі фізік Ганнес Альфвен высунуў тэорыю пра існаванне магнітных хваль, якія могуць награваць сонечную карану. Але на працягу дзесяцігоддзяў гэтыя хвалі заставаліся толькі гіпотэзай — тэхналогіі не дазвалялі іх убачыць.

Тэлескоп DKIST, найбуйнейшы наземны інструмент для сонечных даследаванняў, нарэшце дазволіў гэта зрабіць. Паводле слоў кіраўніка даследавання, фізіка Рычарда Мортона, спецыяльны прыбор Cryo-NIRSP упершыню зафіксаваў так званыя хвалі Альфвена ў каране Сонца.

«Гэтыя хвалі пастаянна прысутнічаюць і нясуць значную колькасць энергіі, якая, верагодна, награвае сонечную атмасферу», — растлумачыў навуковец.

У той жа час навукоўцы адзначаюць, што хвалі Альфвена — толькі частка карціны. Важную ролю адыгрывае і магнітная рэканекцыя — працэс, падчас якога магнітныя палі перакручваюцца і «замыкаюцца», вызваляючы магутныя ўспышкі энергіі.

Даныя місій NASA Parker Solar Probe і ESA Solar Orbiter пацвярджаюць, што абедзве з’явы адбываюцца адначасова і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, падтрымліваючы неверагодна высокую тэмпературу караны.

Уплыў на Зямлю і будучыня даследаванняў

Разуменне механізмаў нагрэву сонечнай атмасферы мае практычнае значэнне. Гэта дапаможа дакладней прагназаваць сонечны вецер, успышкі і каранальныя выкіды масы, якія могуць уплываць на спадарожнікі, сувязь і энергасістэмы на Зямлі.

Новыя вынікі даследаванняў DKIST лічацца важным прарывам у сонечнай фізіцы. Яны не толькі дапамагаюць растлумачыць прыроду Сонца, але і дазваляюць лепш разумець паводзіны іншых зорак ва Сусвеце.

Як адзначаюць навукоўцы, гэтыя адкрыцці могуць стаць асновай для новага этапу вывучэння зоркавых працэсаў — ад прадказання касмічнага надвор’я да ўдасканалення тэхналогій, якія абараняюць Зямлю ад яго ўплыву.

Апошнія навіны