Лукашэнка сам здаў сваю «шасцёрку»
- Яўген Афнагель
- 1.11.2025, 10:43
Але санкцыі Захад не адменіць.
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень Яўген Афнагель пракаментаваў прызнанні дыктатара Лукашэнкі ў тым, што экс-удзельнік праекта NEXTA Раман Пратасевіч працаваў на беларускую разведку:
— Ведаю, што фраза «а мы ж пра гэта казалі» заўсёды гучыць занадта позна. Для мяне сённяшняе прызнанне Лукашэнкі пра Пратасевіча сюрпрызам не стала. Усё было зразумела яшчэ тады, у 2020 годзе.
Пратэст выключна па нядзелях, вывад людзей з цэнтра Мінска, адмаўленне ад рашучых дзеянняў на вуліцах — і Пратасевіч, які быў галоўным рэдактарам тэлеграм-канала NEXTA і адказваў за масавыя акцыі ў офісе Ціханоўскай, і некаторыя ягоныя калегі ўжо тады паказалі сваю сутнасць.
Прадстаўнікі нашай каманды сустракаліся з імі, спрабавалі дамовіцца, але, натуральна, нічога не выйшла. І не магло выйсці, бо задачы былі розныя.
Галоўная рэдактарка сайта Сharter97.org Наталля Радзіна ў 2023 годзе казала пра Пратасевіча: «Ёсць сур'ёзныя падазрэнні, што гэта проста агент спецслужбаў».
Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Дзмітрый Бандарэнка паўтара года таму пра яго ж: «Ён быў агентам, а, можа, і афіцэрам спецслужбаў ад пачатку. Пратасевіч, на мой погляд, быў засланы, шмат што там рабілася дзеля таго, каб збіць пратэсты».
Былы палітвязень Андрэй Войніч учора распавёў пра тое, як «партнёр» Пратасевіча Уладзімір Чудзенцоў ладзіў правакацыі ў дачыненні да палітвязняў у магілёўскай калоніі. А сёння Лукашэнка сам здаў сваю шасцёрку. Не першую і не апошнюю. Гэта не адмяняе таго, што, пасадзіўшы самалёт Ryanair з еўрапейскімі грамадзянамі на борце ў Мінску, беларускія ўлады здзейснілі акт дзяржаўнага тэрарызму.
Сённяшні камінгаўт — нагода задумацца астатнім шасцёркам: праўда ўсё адно выйдзе на паверхню, а шчырае прызнанне, як мінімум, забяспечыць больш спакойны сон.
А тым, хто Пратасевіча называў «героем» нават пасля яго даносаў і выступаў на БТ, варта ўсё ж быць больш разборлівымі.