Гістарычнае рашэнне: Канада можа перадаць Украіне расійскі Ан-124
- 1.11.2025, 9:47
Самалёт з 2022 года стаіць у Таронта.
Канада падала ў суд, каб канфіскаваць расійскі грузавы самалёт Ан-124, які з 2022 года стаіць у Таронта, і ў выпадку перамогі плануе перадаць яго Украіне як сімвал пакарання агрэсара.
Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Калі суд прыме рашэнне на карысць урада, самалёт будзе перададзены Украіне як сімвал адказнасці за вайну, развязаную Расіяй.
Міністр замежных спраў Канады Аніта Ананд заявіла, што судовы пазоў ужо пададзены супраць уладальніка самалёта — кампаніі Volga-Dnepr Group, якая знаходзіцца пад санкцыямі. Паводле яе слоў, перадача Ан-124 стане «магутным сімвалам справядлівасці» і дапаможа кампенсаваць страты Украіны, бо на пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расія знішчыла частку ўкраінскіх самалётаў «Антонаў».
«Гэты самалёт стане напамінаннем, што тыя, хто дапамагае Расіі весці вайну, будуць несці наступствы. А Украіна не застанецца сам-насам з аднаўленнем», — падкрэсліла Ананд падчас прэс-канферэнцыі на палях саміту міністраў энергетыкі і аховы навакольнага асяроддзя G7 у Таронта.
Акрамя таго, Канада разглядае і іншыя прававыя шляхі, каб як мага хутчэй перадаць канфіскаваны самалёт Украіне — акрамя судовага рашэння, не выключаюць і заканадаўчы механізм.
«Расія варварска атакуе мірных жыхароў, дзіцячыя сады, бальніцы, энергетычную інфраструктуру. Мы не можам заставацца ўбаку», — дадала міністр.
Калі суд задаволіць пазоў, Ан-124 стане першым буйным актывам расійскага паходжання, афіцыйна перададзеным Украіне Канадой.
Што вядома пра самалёт Ан-124
Ан-124 «Руслан» — адзін з найбуйнейшых грузавых самалётаў у свеце, распрацаваны ў СССР канструктарскім бюро імя Антонава. Ён прызначаны для перавозкі цяжкіх і негабарытных грузаў, уключаючы вайсковую тэхніку, верталёты і абсталяванне для касмічных праграм.
Канадскія ўлады адзначылі, што Расія магла выкарыстоўваць яго для ваенных паставак, таму самалёт заставаўся забароненым да вылету.
Мадэль мае максімальную ўзлётную масу каля 405 тон і можа перавозіць груз да 150 тон на адлегласць да 5 000 км. Ан-124 абсталяваны чатырма турбарэактыўнымі рухавікамі і спецыяльнымі насавымі і хваставымі грузавымі дзвярыма для хуткай загрузкі і выгрузкі.