Галоўны аэрапорт Берліна зачынялі з-за неапазнаных дронаў
- 1.11.2025, 9:33
БПЛА над аэрапортам заўважылі відавочцы і экіпаж патрульнага аўтамабіля.
Вечарам 31 кастрычніка галоўны аэрапорт сталіцы Германіі — «Берлін-Брандэнбург» — з гадавым пасажырапатокам каля 34 млн чалавек зачынялі з-за пагрозы беспілотнікаў, паведамляе Bloomberg.
Паводле інфармацыі на сайце аэрапорта, пачынаючы з 21:00 па мясцовым часе некалькі рэйсаў, што прыбывалі ў аэрапорт, былі перанакіраваныя ў іншыя аэрапорты Германіі.
У прыватнасці, самалёт British Airways перанакіравалі ў Дрэздэн, а рэйс EasyJet з Парыжа — у Гановер. Таксама фіксаваліся затрымкі пры вылеце і пасадцы рэйсаў. Прыблізна праз паўтары гадзіны «Берлін-Брандэнбург» аднавіў палёты і паведаміў, што будзе гатовы ўначы прыняць усе лайнеры, якія былі вымушаныя прызямліцца ў іншых аэрапортах. Як піша dpa, у паліцыі Брандэнбурга паведамілі, што БПЛА над аэрапортам заўважылі відавочцы і экіпаж патрульнага аўтамабіля, але ўстанавіць месцазнаходжанне дрона не ўдалося.
Да гэтага неапазнаныя беспілотнікі неаднаразова парушалі працу авіяцыйных аб'ектаў Германіі. Толькі ў кастрычніку аэрапорт Мюнхена — другі па велічыні авіявузел у ФРГ — двойчы прыпыняў працу з-за дронаў. Гэта закранула планы амаль 10 000 пасажыраў. Таксама мелі месца парушэнні ў аэрапорце Франкфурта-на-Майне.
Серыя паветраных уварванняў, у арганізацыі якіх падазраюць Расію, у апошнія месяцы фіксуецца па ўсёй Еўропе. Гэта ўжо прывяло да часовага закрыцця і маштабных збояў у раскладзе ў найбуйнейшых аэрапортах, уключаючы аэрапорты Капенгагена і Осла.