Беларуская лекарка назвала прадукты, якія павінны быць на стале штодзень
- 1.11.2025, 3:20
Менавіта яны багатыя на клятчатку.
Сур'ёзныя захворванні, якія правакуе недахоп клятчаткі ў харчаванні беларусаў, на YouTube-канале выдання «Медыцынскі веснік» назвала доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры тэрапіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Наталля Сілівончык.
Паводле яе слоў, недастатковая колькасць харчовых валокнаў, або клятчаткі, у рацыёне можа правакаваць коларэктаральны рак, рак малочнай залозы, прадсталёвай залозы, падстраўнікавай залозы, атэрасклероз, алергію, атлусценне, цукровы дыябет, неалкагольную тлушчавую хваробу печані.
Наталля Сілівончык адзначыла, што ідэальна штодня спажываць 25–30 грамаў харчовых валокнаў, якія дапамагаюць падтрымліваць мікрабіёту кішэчніка, а таксама паскараюць кішэчны транзіт. Клятчатка таксама спрыяе зніжэнню апетыту і павялічвае пачуццё сытасці, дапамагае павысіць адчувальнасць да інсуліну, знізіць узровень цукру ў крыві і, як вынік, зменшыць рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Медык падкрэсліла, што трэба ўзяць за правіла штодня есці гародніну і садавіну, а таксама бабовыя (чачавіцу, фасолю), арэхі, цэльныя збожжавыя (неапрацаваныя авёс, пшаніцу, неабчышчаны рыс). Штодня на талерцы павінна быць прынамсі 400 грамаў (5 порцый) гародніны і садавіны.
Наталля Сілівончык агучыла вынікі даследавання сярод беларусаў, дзе пыталіся, у тым ліку, пра спажыванне 400 грамаў гародніны і садавіны на дзень. На жаль, канстатавала медык, 78% мужчын і 69% жанчын ядуць гародніны і садавіны менш за рэкамендаваную норму.