Зяленскі: Ужо нават ХАМАС праяўляе здольнасць дамаўляцца, але не Пуцін
- 9.10.2025, 21:29
Расію трэба прымусіць да міру.
Расія вядзе вайну супраць Украіны толькі дзеля вайны, але Уладзіміру Пуціну давядзецца яе скончыць, — заявіў у звароце па выніках 9 кастрычніка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Яго прэс-служба апублікавала стэнаграму.
«Мы не вядзём вайну дзеля вайны, як гэта робіць Расія. І ўжо нават [палестынская тэрарыстычная групоўка] ХАМАС [у вайне з Ізраілем] праяўляе здольнасць дамаўляцца, але не Пуцін. Пакуль што. Мы разам з партнёрамі ствараем умовы для прымушэння Расіі да міру. І гэта будзе», — сказаў Зяленскі.
Ён выказаў надзею, што, як і ў выпадку з Блізкім Усходам, ЗША змогуць дасягнуць міру і ва Украіне.
«Важна, каб лідарства Злучаных Штатаў Амерыкі працягвала дзейнічаць і далей», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.
Зяленскі адзначыў, што Украіна будзе працягваць біць сваім далёкабойным узбраеннем — ракетамі і дронамі — па тэрыторыі краіны-агрэсара.
«Задача цяпер — быць значна больш актыўнымі ва ўсім, што тычыцца падрыхтоўкі і выканання далёкабойных санкцый супраць Расіі. Чым больш выніковай будзе Украіна ў далёкабойнасці, тым хутчэй мы зможам дасягнуць міру», — лічыць прэзідэнт Украіны.