У Аўстраліі жанчына ўстанавіла рэкорд па колькасці падцягванняў за гадзіну
- 9.10.2025, 19:02
Джэйд Хэндэрсан трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінеса.
У Аўстраліі жанчына ўстанавіла рэкорд па колькасці падцягванняў за гадзіну, піша UPI.
32-гадовая аўстралійская спартсменка Джэйд Хэндэрсан увайшла ў Кнігу рэкордаў Гінеса, пабіўшы дасягненне, якое трымалася амаль дзесяць гадоў. За адну гадзіну яна выканала 733 падцягванні, перавысіўшы папярэдні рэкорд у 725 паўторэнняў, усталяваны ў 2016 годзе іншай аўстралійкай — Евай Кларк.
Каб дасягнуць новага сусветнага выніку, Хэндэрсан у сярэднім рабіла больш за 12 падцягванняў у хвіліну. Спартсменка прызналася, што імкнулася выпрабаваць межы сваіх фізічных магчымасцяў.
«Мне заўсёды падабалася ідэя рабіць тое, чаго раней ніхто не рабіў. Я хацела ўбачыць, на што здольныя мой розум і цела», — расказала яна.
Першапачаткова Джэйд планавала пазмагацца за рэкорд у 24-гадзінным фармаце, аднак сур'ёзная траўма змяніла яе планы. Падчас адной з трэніровак яна выканала 3500 падцягванняў за 12 гадзін, пасля чаго атрымала частковы разрыў біцэпса і сухажылля. Пасля шасці тыдняў аднаўлення аўстралійка вырашыла засяродзіцца на гадзінным рэкордзе, каб пазбегнуць паўторных пашкоджанняў.
«Я не ставіла перад сабой канкрэтную лічбу. Я ведала, што пабіць 725 паўторэнняў будзе неверагодна складана, таму проста старалася зрабіць крыху больш», — адзначыла Хэндэрсан.