Еўрапарламент адхіліў вотумы недаверу Урсуле фон дэр Ляен
- 9.10.2025, 18:11
Старшыня Еўракамісіі працягне выконваць свае функцыі.
Еўрапарламент адхіліў абодва вотумы недаверу старшыні Еўракамісіі Урсуле фон дэр Ляен. Пра гэта паведамляецца на сайце Еўрапарламента.
Першае прапанаванне ўнесла ультраправaя фракцыя «Патрыёты за Еўропу» (PfE), яно было адхілена 179 галасамі «за», 378 «супраць» і 37 устрымаліся. Другі вотум прапанавала фракцыя «Левая», яго падтрымалі 133 дэпутаты, супраць выступілі 383 дэпутаты, яшчэ 78 устрымаліся.
Дэпутаты PfE абвінавачвалі фон дэр Ляен у правальнай міграцыйнай палітыцы, непразрыстай дзейнасці і нявыгаднай для Еўрасаюза «Зялёнай здзелцы». «ЕС сёння слабейшы, чым калі-небудзь, з-за пастаяннай няздольнасці кіраўніцы Еўракамісіі справіцца з найбольш неадкладнымі выклікамі», — гаварылася ў варыянце рэзалюцыі PfE, які змяшчаў заклік да адстаўкі кіраўніцы ЕК.
Левыя, наадварот, сцвярджалі, што фон дэр Ляен запавольвае прасоўванне зялёнага энергетычнага пераходу. Яны таксама папракалі яе ў занадта мяккім падыходзе да Ізраіля ў кантэксце вайны ў Газе. «Еўрасаюз дагэтуль не прыпыніў дзеянне Пагаднення аб асацыяцыі паміж ЕС і Ізраілем і не ўвёў санкцыі», — паведамлялася ў іх варыянце рэзалюцыі. Прадстаўнікі партыі лічаць, што кіраўніца выканаўчага органа ЕС занадта засяродзілася на пытаннях пераўзбраення блоку, што шкодзіць сацыяльнай палітыцы.
Абедзве партыі абвінавацілі фон дэр Ляен у нявыгаднай гандлёвай здзелцы з ЗША. Паводле іх слоў, зносіны з амерыканцамі былі непразрыстымі, а абавязацельствы Еўракамісіі аказаліся «размытымі і двухсэнсоўнымі».
Працэдура вынясення вотуму недаверу Еўрапейскай камісіі замацавана ў артыкуле 234 Дагавора аб функцыянаванні Еўрапейскага саюза (TFEU) і з’яўляецца адным з ключавых інструментаў парламенцкага кантролю над выканаўчай уладай ЕС. Паміж падачай ініцыятывы і галасаваннем павінна прайсці як мінімум 24 гадзіны, каб дэпутаты паспелі абмеркаваць прапанову. Для таго каб вотум недаверу быў прыняты, дзве траціны прысутных на пасяджэнні еўрадэпутатаў павінны прагаласаваць «за». У выпадку станоўчага рашэння камісія разам са старшынёй абавязаная падаць у адстаўку, хоць працягвае выконваць свае абавязкі да фарміравання новага складу.
З моманту стварэння Еўракамісіі рабіліся 12 спробаў вынесці ёй вотум недаверу, але ні адна з іх не сабрала неабходнай колькасці галасоў. Пры гэтым у 1999 годзе камісія пад кіраўніцтвам Жака Сантэра добраахвотна пакінула пасаду ў поўным складзе пасля публікацыі даклада, які ўказваў на прыкметы карупцыі.