Міністэрства энергетыкі апраўдваецца за відэа пра пагаршэнне якасці беларускага бензіну
- 9.10.2025, 16:33
Відэа назвалі фэйкам.
Міністэрства энергетыкі Беларусі заявіла, што выявіла ў інтэрнэце відэа, на якім кіраўнік ведамства нібыта сцвярджае пра зніжэнне якасці беларускага бензіну.
«Відэа з каментарыем міністра энергетыкі пра зніжэнне якасці паліва, што пастаўляецца ў Расію, якое распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках, — гэта дыпфэйк», — паведамілі ў міністэрстве.
Там пацвердзілі, што ў роліку сапраўды прысутнічае беларускі міністр энергетыкі Дзяніс Мароз, але запіс быў зроблены раней і па іншай прычыне. Новую аўдыядарожку наклалі «з дапамогай тэхналогій штучнага інтэлекту».