«Рускі народны электрамабіль» вырашылі пусціць «пад нож»
- 9.10.2025, 14:33
Праект зайшоў у тупік.
Урад Расіі рэзка скараціць выдаткі на стварэнне нацыянальнай модульнай платформы для вытворчасці электрамабіляў. У бягучым годзе выдаткі па гэтым артыкуле будуць урэзаныя з 25,6 млрд да 0,5 млрд руб., у 2026-м — з 25,6 млрд да 12,8 млрд, а ў 2027-м — з 36,6 млрд да 18,3 млрд. Пра гэта сведчыць унесены ў Дзярждуму праект федэральнага бюджэту, на што звярнула ўвагу «Верстка».
Ідзе гаворка пра субсідыі навуковаму інстытуту «НАМИ», які вырабляе прэзідэнцкія аўтамабілі Aurus, патлумачыў выданню эканаміст, прафесар Каўказскага ўніверсітэта Вахтанг Парцванія. Паводле яго слоў, на выдзеленыя сродкі інстытут «НАМИ» павінен распрацаваць шасі, хадавую частку, электра- або гібрыдны прывад, элементы электронікі і іншыя кампаненты для стварэння нацыянальнага электрамабіля. «Скарачэнне бюджэтных выдаткаў на праект «рускага народнага электрамабіля» выглядае цалкам заканамерна. Улады, па сутнасці, прызналі, што рэалізаваць гэты задум у цяперашніх умовах проста немагчыма», — адзначыў Парцванія. Ён дадаў, што праект страціў усялякі эканамічны сэнс ва ўмовах санкцый і «фактычна зайшоў у тупік».
Эксперт нагадаў, што вытворчасць электрамабіляў — тэхналагічна складаны працэс, які патрабуе кампетэнцый у распрацоўцы акумулятараў, электрарухавікоў, сілавой электронікі і сістэм кіравання. Для гэтага патрэбныя літый, нікель і кобальт, а таксама інфраструктура для зарадкі і перапрацоўкі батарэй. «Нічога гэтага ў Расіі ў прамысловым маштабе няма», — адзначыў Парцванія.
Таксама, паводле яго слоў, у свеце няма прыкладу стварэння электракара ў межах адной краіны, паколькі гэта патрабуе міжнароднай кааперацыі, у тым ліку з пастаўшчыкамі з Еўропы і Азіі. Пры гэтым расійскі аўтапрам з-за санкцый фактычна адрэзаны ад паставак ключавых кампанентаў і тэхналогій, а тэхналагічныя пляцоўкі, на якіх спрабавалі запускаць падобныя праекты, у тым ліку Тэхнаполіс «Масква», ужо знаходзяцца пад абмежаваннямі, заключыў Парцванія.
Пра тое, што на аснове модульнай платформы, якую распрацуюць у «НАМИ», можна будзе выпускаць «рускія народныя электрамабілі», у 2024 годзе на Пецярбургскім эканамічным форуме заявіла прэзідэнт кампаніі ТВЭЛ (стварае батарэі для электратранспарту, уваходзіць у «Расатам») Наталля Нікіпелава. У Мінпрамторгу адзначалі, што з дапамогай платформы можна будзе рабіць у тым ліку і гібрыды.
Паводле прынятай у 2018 годзе Стратэгіі развіцця аўтапрама, доля электрамабіляў у агульным аб’ёме продажаў аўтамабіляў у Расіі павінна была дасягнуць 4–5% да 2025 года. Штогод гэта каля 80 тыс. машын. Аднак, паводле дадзеных агенцтва «Аўтастат», у 2024 годзе расіяне набылі 17,8 тыс. электрамабіляў, тады як усяго было прададзена 1,57 млн новых легкавых аўтамабіляў. Такім чынам, продажы склалі каля 1,1%. Пры гэтым расійскіх электрамабіляў «Масквіч» і Evolute летась было прададзена толькі 1,8 тыс. і 1,2 тыс. адпаведна.