BE RU EN

У Расіі пачаўся масавы «самалётапад»

  • 9.10.2025, 17:05

Колькасць авіяцыйных здарэнняў павялічылася ўдвая.

У Расіі расце колькасць авіяцыйных здарэнняў, а таксама павялічваецца колькасць пасажыраў і членаў экіпажаў, якія гінуць падчас эксплуатацыі паветраных суднаў. Пра гэта паведамляе The Moscow Times.

Выданне прыводзіць даныя расійскага Растранснагляду (Федэральная служба па наглядзе ў сферы транспарту), згодна з якімі колькасць авіяцыйных здарэнняў летась вырасла да 17 супраць васьмі ў 2023-м, тады як колькасць загінулых павялічылася да 37 супраць 12.

З пачатку 2025 года было зафіксавана чатыры авіяцыйныя здарэнні, у тым ліку дзве аварыі і дзве катастрофы, у выніку якіх загінулі 53 чалавекі.

У Расіі тлумачаць такую дынаміку «парушэннямі паветранага заканадаўства, якія дапускаюць камерцыйныя авіякампаніі». Па іх словах, авіяперавозчыкі не выкоўваюць абавязковыя патрабаванні да тэхнічнага абслугоўвання самалётаў, а персанал кампаній не праходзіць належнай падрыхтоўкі.

З-за росту авіяцыйных здарэнняў расійскія ўлады вырашылі праверыць 51 рэгіянальную авіякампанію, сярод якіх «Азімут», «Алроса», «Аўрора», «Іжавія» і «ІрАэро».

«З-за санкцый пацярпеў сегмент рэгіянальных і мясцовых паветраных перавозак пасля выбытку парку заходняй тэхнікі, але праблемы назіраліся і да гэтага», — адзначыў заснавальнік сэрвісу па бяспецы палётаў RunAvia Андрэй Патракоў.

Нагрузка прыйшлася на старыя савецкія самалёты Ан-2 і Ан-24, а таксама на верталёты тыпу Мі-8.

Праўда, праблемы звязаныя не толькі са старой авіяцыйнай тэхнікай, бо РФ сутыкаецца яшчэ і са старэннем пілотаў.

«Моладзь не ідзе лётаць на 50-гадовых судах, а старыя кадры натуральным чынам пакідаюць галіну», — скардзяцца расіяне.

Сітуацыю пагаршае тое, што РФ не вырабляе запасныя часткі для даўно знятых з вытворчасці савецкіх самалётаў, а рамонт паветраных суднаў выконваюць, абапіраючыся на дэталі са старых складаў або з закансерваваных суднаў.

Апошнія навіны