Лукашэнка падлізваўся перад захавальнікам сваіх грошай
- 9.10.2025, 14:41
Ёсць падводная частка айсберга.
Палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі у каментары «Філіну» распавёў пра візіт у Мінск султана Амана Хайсама бен Тарэк Аль Саіда.
Паведамляецца, што абмяркоўваўся «спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва» і «паглыбленне гандлёва-эканамічных адносін».
— Што на самой справе можа стаяць за гэтай сустрэчай?
— Лічу, асноўныя дамоўленасці гэтага візіту засталіся за кадрам. Ёсць падазрэнні, што гаворка пра бізнес-інтарэсы сям'і Лукашэнкі, — адзначае Класкоўскі. — На перамовах прысутнічаў старэйшы сын кіраўніка Віктар, які афіцыйна ніякіх дзяржаўных пасадаў не займае.
Тым часам відавочна, што Віктар Лукашэнка адыгрывае закулісную ролю ў кантактах з Аманам і іншымі аравійскімі манархіямі — ён часта туды лётае. Тут цяжка прывесці нейкія доказы, але ёсць факт: тавараабарот за мінулы год з Аманам склаў усяго пяць мільёнаў долараў, а гэта — капейкі.
Зразумела, што пры такім тавараабароце ладзіць сустрэчы з помпай — тут гульня свеч не вартая. Значыць, ёсць падводная частка айсберга.
Ходзяць размовы, што сям'я Лукашэнкі хавае на Аравійскім паўвостраве свае грошы. Вядома, не злавілі — не злодзей. Але калі ёсць лішкі сродкаў, то лагічна іх хаваць там, куды Захаду і Амерыцы цяжка дацягнуцца.
Акрамя таго, звяртае ўвагу палітычны аналітык, падчас сустрэчы была падпісаная дэкларацыя аб намерах пабудаваць у Беларусі яшчэ адзін цэлюлозна-кардонны камбінат.
— Гэта выклікае здзіўленне, бо падобнае прадпрыемства ёсць у Добрушы, ёсць камбінат у Светлагорску, які цяпер знаходзіцца ў крызісным стане. То бок кардон і так няма куды дзяваць, навошта яшчэ адно прадпрыемства?
Відаць, тут разважанне кшталту «раскруцім гэтага багатага манарха на грошы, галоўнае — іх распілаваць», а ці будзе гэтае прадпрыемства рэнтабельным, ці будзе попыт на прадукцыю — пра гэта не думаюць.
— Калі асноўная мэта такіх сустрэч — лабіраванне бізнес-інтарэсаў сям'і Лукашэнкі, дык навошта ладзіць афіцыйныя візыты з помпай? Такія размовы, напэўна, маглі б весціся і праз асабістыя кантакты.
— Гэта робіцца для піяру. Сапраўды, можна было б вырашаць гэтыя справы паціху. Яно так і робіцца, бо бізнес-джэт Лукашэнкі час ад часу лётае на Аравійскі паўвостраў. Так што закрытыя кантакты таксама ёсць.
Але для Лукашэнкі важна чарговы раз паказаць, што ніякай ізаляцыі ў яго няма. Ён вельмі задаволены гэтым візітам. Тут яшчэ само слоўка «султан», відаць, гучыць для яго вельмі прыцягальна.
Лукашэнка не можа абвясціць сябе султанам, хоць дэ-факта па многіх параметрах выйшаў на гэты тытул. І тое, што прыляцеў сам султан, вельмі яму лісьціць — ён нават праводзіў яго асабіста ў аэрапорце, хоць пратаколам гэта не прадугледжана. Было відаць, што Лукашэнка хоча дагадзіць гэтаму госцю.