СМІ: Украіна атрымае дзясяткі знішчальнікаў F-16 ад Бельгіі
- 8.10.2025, 20:13
Што вядома.
Украіна атрымае ад Бельгіі дадатковыя F-16, на замену якім у краіну ўжо пачалі паступаць першыя знішчальнікі пятага пакалення F-35.
Пра гэта паведамляе Defense Express.
Новыя F-35, якіх Бельгія чакала сем гадоў, ужо прыбылі на авіябазу Флорэн, дзе ў далейшым паступяць на ўзбраенне 1-й эскадрыллі. Яны павінны быць гатовыя для правядзення аперацый па хуткім рэагаванні ўжо да 2027 года.
У той жа час Бельгія будзе трымаць свае F-16 да 2028 года, калі іх цалкам заменяць знішчальнікі пятага пакалення.
Старыя знішчальнікі будуць паступова выводзіцца са складу паветраных сіл краіны, пасля чаго іх будуць адпраўляць ва Украіну.
Заказ на пастаўку F-35 для Бельгіі выконвае амерыканская Lockheed Martin. Згодна з першапачатковымі дамоўленасцямі, першыя знішчальнікі павінны былі прыбыць яшчэ ў 2023 годзе, аднак яны былі гатовыя ў 2024 годзе і выкарыстоўваліся для падрыхтоўкі пілотаў у ЗША.
Першы F-35, прызначаны менавіта для непасрэднай перадачы Бельгіі, выпусцілі з завода толькі на пачатку чэрвеня гэтага года з нумарам FL009. Першая партыя, якую перакінулі бельгійцам, складаецца з чатырох самалётаў.
Выданне мяркуе, што гэта дазволіць адправіць ва Украіну першыя бельгійскія F-16 у 2026 годзе. Гэта ўзмоцніць украінскі авіяпарк і забяспечыць абаронцам дадатковыя вылеты.
Усяго Бельгія замовіла 34 F-35A — кантракт быў падпісаны сем гадоў таму, у кастрычніку 2018 года. Нядаўна краіна вырашыла, што гэтага будзе недастаткова, і плануе дадаткова замовіць яшчэ 11 адзінак.