У яшчэ адным рэгіёне РФ увялі абмежаванні на продаж бензіну
- 8.10.2025, 12:03
У «адны рукі» — не больш за 30 літраў.
Абмежаванні на продаж бензіну, якія ўжо ўвялі ў анексаваным Крыме і Чалябінскай вобласці, закранулі таксама Цюменскую і Свярдлоўскую вобласці Расіі, піша The Moscow Times.
Сетка заправаў Н-1 у Цюмені ўвяла ліміт на адпуск паліва «ў адны рукі» — не больш за 30 літраў 92-га або 95-га бензіну за адзін раз, распавялі Ura.ru ў кампаніі.
«Сапраўды, абмежаванне ў нас дзейнічае з 7 кастрычніка. У адзін аўтамабіль не заліваем больш за 30 літраў АІ-92 або АІ-95», — паведамілі на кантактнай лініі. У Н-1 запэўнілі, што пра дэфіцыт паліва гаворкі не ідзе, але кампанія такім чынам вырашыла перашкодзіць людзям, якія скупляюць бензін цэлымі каністрамі. Таксама абмежаванні закранулі запраўкі кампаніі ТПК, дзе бензін АІ-95 пачалі прадаваць толькі па паліўных картах. «Як доўга будзе дзейнічаць гэтае правіла — пакуль невядома. Прычына: дэфіцыт пэўнага віду паліва», — паведамілі ў кампаніі.
Таксама пра абмежаванні на продаж бензіну «ў адны рукі» і «пра запас» у Свярдлоўскай вобласці паведаміла 66.ru. Паводле слоў жыхароў рэгіёна, на запраўках «Лукойла» перасталі адпускаць паліва ў каністры, на запраўках «Башнефти» бензін адсутнічае, застаўся толькі дызель, а на АЗС Tamic Energy і Varta «заліваюць не больш за 30 літраў на аўтамабіль». Таксама людзі паведамілі пра адсутнасць бензіну на запраўках «Караван»: «95-га бензіну няма ўвогуле, увялі абмежаванне — па 20 літраў на аўтамабіль». Раней Е1 паведамляў, што ліміты ў 30 літраў бензіну і 20 літраў дызеля ўведзены на запраўках Tamic Energy у Екацярынбургу. У ўрадзе вобласці са свайго боку абверглі дэфіцыт і збоі з пастаўкамі паліва на АЗС, падкрэсліўшы, што абмежаванні на продаж бензіну ў рэгіёне не ўводзіліся. У афіцыйным канале «Антитеррор Урал» звесткі пра недахоп паліва назвалі «інфармацыйным укідам», спробай «пасеяць паніку» і справакаваць рост цэн на АЗС з боку «украінскага рэжыму».
Акрамя таго, праблемы з забеспячэннем грамадзян бензінам узніклі ў Навасібірскай вобласці. Сетка АЗС «Прайм» абвясціла пра прыпыненне продажу бензіну АІ-92 на большасці заправаў сеткі «ў сувязі са спыненнем адгрузак з нафтаперапрацоўчых заводаў». У рэгіёне імкліва растуць цэны на бензін, звярнуў увагу паблік «АСТ-54». Так, літр АІ-92 на запраўках «Татнефти» падаражэў на тры рублі за двое сутак: 6 кастрычніка, паводле даных маніторынгавага сайта benzin-price, 92-і ў гэтай сетцы прадавалі за 59,5 рубля, у сераду ж ён стаў каштаваць 62,5 рубля.
Мінулым тыднем стала вядома, што продаж бензіну на фоне дэфіцыту паліва, які ўзнік з-за атак украінскіх дронаў на расійскія НПЗ, абмежавалі АЗС у Чалябінскай вобласці. З 3 кастрычніка запраўкі Tamic Energy адпускаюць не больш за 30 літраў бензіну і 70 літраў дызеля на аўтамабіль у суткі. Да гэтага аналагічныя абмежаванні ўвялі ўлады Крыму, якія скарацілі ліміт да 20 літраў бензіну на адзін аўтамабіль.