BE RU EN

Ва Украіне ліквідавалі акупанта, які не ўмеў чытаць і пісаць

  • 8.10.2025, 10:03

Яго звербавалі ў калоніі.

На фронце ва Украіне ліквідавалі акупанта Сямёна Карманава з расійскага Кемерава. Яшчэ ў дзяцінстве ён атрымаў інваліднасць трэцяй групы з-за інтэлектуальнай адсталасці: расіянін не ўмеў нават чытаць і пісаць.

У расійскую армію Карманава звербавалі з калоніі, куды ён трапіў па абвінавачанні ў крадзяжы. Пра гэта паведамляе незалежнае расійскае выданне «Медыязона».

Пра тое, што інвалід трэцяй групы Сямён Карманаў з Кемерава быў ліквідаваны на вайне ва Украіне, выданню паведаміла ягоная сястра Анастасія. У расіяніна яшчэ ў дзяцінстве дыягнаставалі затрымку інтэлектуальнага развіцця.

«Карманаў загінуў 2 жніўня, яму было 27 гадоў. Яго пахавалі ў закрытай труне. У паведамленні ваенкамат паведаміў, што Карманаў загінуў у выніку ранення ў галаву. Іншыя абставіны гібелі сваякам не паведамілі», — адзначана ў матэрыяле.

Пра Карманава «Медыязона» пісала яшчэ ў 2023 годзе. Паводле даных выдання, адразу пасля яго нараджэння медыкі паведамілі бацькам, што іх сын атрымае цяжкую інваліднасць з-за ўскладненняў пры фармаванні плоду.

«Карманаў мог хадзіць і размаўляць, але не здолеў скончыць першы клас з-за непаспеваемасці. Пасля гэтага яму прызначылі бестэрміновую інваліднасць трэцяй групы з дыягназам «інтэлектуальная адсталасць са значнымі парушэннямі паводзінаў, якія патрабуюць догляду і лячэння». Чытаць і пісаць ён не навучыўся, а ў залежнасці ад сезону пакутаваў на неўрозы», — распавялі журналісты.

Калі Карманаў дасягнуў 18 гадоў, ён стаў фігурантам крымінальнай справы аб замаху на крадзеж групай асоб. Наступным разам яму значна менш пашанцавала: ён атрымаў паўтара года агульнага рэжыму за саўдзел у ўгоне аўтамабіля.

Тэрмін Карманаў адседзеў поўнасцю — а праз некалькі месяцаў пасля вызвалення зноў трапіў за краты. Паводле «Медыязоны», ён паехаў у Навасібірск і там каля аднаго з бараў знайшоў тэлефон з двума банкаўскімі картамі ў чахле.

«Потым ён прапанаваў чатыром маладым людзям, якія займаліся жабрацтвам, пайсці пагуляць з ім. Карманаў накарміў новых знаёмых бутэрбродамі, сокам, блінамі і кавай з кафэ, разлічыўшыся адной з карт, а другую аддаў аднаму з бяздомных — той паехаў з ёй у камп'ютарны клуб. Набыўшы таксама з карты кветкі для маці, Карманаў збіраўся з'ехаць назад у Кемерава, але не ўлічыў, што ў яго няма наяўных на праезд. Тады ён спусціўся ў метро, дзе і быў затрыманы», — піша выданне.

Патраціць Карманаў і яго новыя знаёмыя паспелі крыху больш за 5 тыс. рублёў з абедзвюх карт, але ў выніку інваліда трэцяй групы адправілі ў СІЗА па абвінавачанні ў крадзяжы. У канцы 2022 года ён атрымаў 2 гады і 1 месяц калоніі. Выйсці на свабоду Карманаў павінен быў у красавіку 2024 года — але тут своечасова падсуетылася Мінабароны РФ.

«За паўгода да вызвалення заключыў кантракт, нягледзячы на дыягназ. Медкамісія вызначыла для Карманава катэгорыю «А» (прыдатны без абмежаванняў). «Ён падпісаў, нават не бачачы і не ведаючы, што гэта за папера. Ён не мог яе прачытаць, і гэтыя менты з зоны гэтым скарысталіся!», — распавядала «Медыязоне» маці Карманава Святлана», — паведамляецца ў матэрыяле.

Жанчына, паводле выдання, яшчэ ў 2023-м спрабавала адгаварыць сына ад удзелу ў вайне, спасылалася на тое, што ўжо страціла 6-гадовую дачку, якая памерла ад пухліны галаўнога мозгу.

«Я кажу яму: «А калі мы цябе пахаваем? У мяне ж сэрца не вытрымае другога дзіцяці страціць». Ён кажа: «Ты не думай, мама, мама, думай пра добрае», — перадавала Святлана «Медыязоне» размову з сынам пасля таго, як ён выйшаў з калоніі на вайну», — нагадвае выданне ў сваёй першай публікацыі пра Карманава.

Апошнія навіны