У Эквадоры пратэстоўцы напалі на картэж прэзідэнта
- 8.10.2025, 9:53
На аўтамабілях выявілі сляды ад куль.
У Эквадоры пратэстоўцы абкідалі камянямі картэж прэзідэнта Даніэля Нобоа падчас паездкі ў правінцыю Каньяр, дзе ён збіраўся прадставіць шэраг інфраструктурных праектаў.
Група з больш як 500 чалавек акружыла картэж прэзідэнта Эквадора Даніэля Нобоа і абкідала яго камянямі.
Адміністрацыя прэзідэнта апублікавала фота машын, якія падвергліся нападзенню, а таксама відэа, знятае з аднаго з аўтамабіляў падчас інцыдэнту. Там паабяцалі прыцягнуць да адказнасці вінаватых «за тэрарызм і замах на забойства».
Паводле слоў міністра навакольнага асяроддзя Эквадора Інэс Мансано, Нобоа накіроўваўся на адкрыццё станцыі ачысткі вады ў Каньяры, калі яго картэж акружылі пратэстоўцы.
«Прыйшло каля 500 чалавек і кідалі ў яго камяні, а на машыне прэзідэнта, відавочна, ёсць сляды ад куль», — цытуе чыноўніцу France24 са спасылкай на AFP.
Прэзідэнцкая адміністрацыя, не называючы лічбаў, паведаміла, што ўсе затрыманыя ў справе аб нападзе будуць прыцягнутыя да адказнасці па артыкулах аб тэрарызме і замаху на забойства.
Дзяржсакратар краіны паведаміў, што былі арыштаваныя пяць чалавек.
«Гэта найважнейшыя 24 гадзіны з моманту замаху на жыццё прэзідэнта. Гэта не застанецца бязкарана (...), мы гэтага не дапусцім. Эквадор кажа «так» міру і працы», — сказаў ён.
Гэта ўжо не першае нападзенне на Нобоа за апошні месяц: напрыканцы верасня яго картэж ужо абкідалі камянямі. Пратэсты супраць сына аднаго з найбагатых людзей краіны — экспарцёра бананаў Альваро Нобоа — узмацніліся з верасня пасля таго, як улады адмовіліся ад субсідзіравання дызельнага паліва ў краіне, каб скараціць дзяржаўныя выдаткі. Урад абвінавачвае картэлі, якія змагаюцца за кантроль над маршрутамі гандлю какаінам, у тым, што яны стаяць за беспарадкамі.
37-гадовы Даніэль Нобоа займае пасаду прэзідэнта Эквадора з кастрычніка 2023 года, у красавіку 2025 года яго перавыбралі на другі тэрмін.