Bloomberg: Танкерам «ценявога флоту» РФ выдавалі фальшывыя сцягі
- 8.10.2025, 8:08
ЕС рыхтуе санкцыі.
Еўрапейскі Саюз прапанаваў увесці санкцыйныя абмежаванні ў дачыненні да трох кампаній, якія прадастаўлялі падробленыя сцягі падсанкцыйным нафтавым танкерам «ценявога флоту Расіі», піша Bloomberg.
Згодна з дакументамі, якія ёсць у распараджэнні выдання, гэтыя фірмы прадаставілі фальшывыя сцягі Арубы, Кюрасаа і Сінт-Мартэна як мінімум васьмі судам, на якія накладзены санкцыі.
Падкрэсліваецца, што гэтыя малыя астраўныя краіны не ўваходзяць у так званы Парыжскі рэестр афіцыйных сцягоў для судоў, то бок не прадастаўляюць такой паслугі. Паведамляецца, што ў маі Нідэрланды папярэдзілі Міжнародную марскую арганізацыю пра тое, што кампаніі выдаюць «падробленыя сертыфікаты» ад імя Сінт-Мартэна.
Выданне праінфармавала, што прапанаваныя абмежаванні супраць трох фірмаў могуць унесці ў 19-ы пакет санкцый, які цяпер абмяркоўваюць краіны-члены Еўрасаюза. Блок хоча скараціць даходы Масквы ад нафты гэтымі абмежаваннямі.
Паводле звестак, у санкцыйны пакет уключаць яшчэ 120 суднаў «ценявога флоту», што павялічыць іх агульную колькасць у спісе да больш як 560. Таксама абмежаванні могуць закрануць некалькі суб'ектаў у трэціх краінах, якія садзейнічаюць гандлю энергарэсурсамі Расіі. Выданне адзначыла, што для ўвядзення санкцый трэба атрымаць падтрымку ўсіх дзяржаў-членаў.