BE RU EN

З Расіі ў Беларусь везлі 15 тысяч MacBook

  • 7.10.2025, 15:38

Груз затрымала беларуская мытня.

Вялікую партыю кантрабанды знайшлі мытнікі ў грузавіку Mercedes-Benz, які ехаў па трасе М4 Магілёў—Мінск, паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК).

У грузавым адсеку транспартнага сродку выявілі 15 тысяч MacBook, а таксама складнікі беспілотнікаў, пнеўматычныя вінтоўкі і аптычныя прыцэлы да іх, камп'ютарную, бытавую і будаўнічую тэхніку.

Дакументы на ўвесь тавар, прадстаўленыя кіроўцам беларускага перавозчыка для мытнага кантролю, аказаліся несапраўднымі.

«Гэта падстава меркаваць, што груз на тэрыторыю ЕАЭС увезены без мытнага дэкларавання і сплаты мытных плацяжоў. Для пацвярджэння гэтага цяпер збіраецца даказальная база ў межах далейшых праверачных мерапрыемстваў», — паведамілі ў ДМК.

У дачыненні да перавозчыка распачаты адміністрацыйны працэс. Яму пагражае штраф у памеры да 50% ад кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння. У дадзеным выпадку агульны кошт грузу склаў больш за 500 тысяч беларускіх рублёў.

Апошнія навіны