Латвія абмежавала аўтобусныя зносіны з Беларуссю
- 7.10.2025, 14:05
З 1 лістапада.
Латвія забараняе нерэгулярныя аўтобусныя пасажырскія перавозкі ў Расію і Беларусь. Такое рашэнне прыняў урад балтыйскай краіны. Забарона ўводзіцца з 1 лістапада 2025 года да канца кастрычніка 2026-га, паведамляе LSM.lv.
Забарона распаўсюджваецца на ўсіх перавозчыкаў незалежна ад краіны рэгістрацыі юрыдычнай асобы або транспартнага сродку, паведамілі ў Міністэрстве паведамленняў.
«У сувязі з цяперашняй геапалітычнай сітуацыяй і заклікам урада да жыхароў Латвіі ўстрымлівацца ад паездак у Беларусь і Расію выяўлена павелічэнне патоку нерэгулярных арганізаваных аўтобусных рэйсаў, а таксама заторы на прыгранічных дарогах. Такая сітуацыя стварае дадатковыя рызыкі бяспекі — у тым ліку пагрозы нелегальнай іміграцыі, разведвальнай дзейнасці замежных спецслужбаў і вербавання грамадзян. Таму неабходна ўстанавіць абмежаванні на міжнародныя нерэгулярныя пасажырскія перавозкі пры перасячэнні межаў гэтых краін», — заявіў міністр паведамленняў Аціс Швінка.
Перасячэнне мяжы па-ранейшаму будзе магчымым, але толькі на рэгулярных аўтобусных рэйсах, на якіх пасажыры рэгіструюцца і праходзяць праверку.