BE RU EN

Яноты-паласкуны вярнуліся ў Беларусь праз 35 гадоў

  • 7.10.2025, 12:35

Дзе заўважылі зверакоў?

Сапраўдная заалагічная сенсацыя адзначана ў Беларусі: у краіну праз больш як 35 гадоў вярнуліся яноты-паласкуны, піша smartpress.by.

Зафіксаваць звера ўдалося з дапамогай фотапасткі. Іншую асобіну раней знайшлі на трасе: на жаль, жывёлу збілі.

Аднак менавіта пасля гэтага выпадку навукоўцы выказалі здагадку, што ў беларускай фаўне прыбыло. Прычым гаворка ідзе не пра адну асобіну, а пра папуляцыю дадзенага віду.

Дзе ў Беларусі ўбачыць янота-паласкуна

Сляды жывёлы знайшлі ў пойме ракі Бярэзіна на тэрыторыі Іўеўскага раёна. Пакуль навукоўцы не могуць дакладна сказаць пра колькасць, арэал пражывання і дынаміку папуляцыі зверака. Усё гэта заолагам яшчэ трэба высветліць.

Неясная і траекторыя: як яноты-паласкуны трапілі ў Беларусь. З найбольш верагодных варыянтаў навукоўцы разглядаюць прыватныя вальеры беларусаў і суседнія краіны, дзе папуляцыі гэтых жывёл ужо сфарміраваліся.

Ад янотаў могуць быць праблемы

Аднак у вяртанні янота-паласкуна навукоўцы ўбачылі не толькі заалагічную сенсацыю, але і экалагічны выклік.

Звяр можа пашкодзіць мясцовым экасістэмам і выцесніць абарыгенныя віды.

- Неабходна праводзіць рэгуляванне яго колькасці і прымаць меры па недапушчэнні яго распаўсюджання, – падкрэсліў старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Павел Велігураў.

Янота-паласкуна лічаць інвазіўным відам.

Як яноты з’явіліся ў Беларусі

У Еўропу пухнатых зверакоў прывезлі з Паўночнай Амерыкі. Гэта адбылося ў XX стагоддзі. Асноўная мэта завозу паласкуноў на новыя тэрыторыі — прамысел.

У нашай краіне гэтых жывёл выпускалі ў прыроду ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, а ў дзікай прыродзе назіралі ў 1980-х. З таго часу паласкуноў лічылі зніклымі з фаўны Беларусі.

Апошнія навіны