Журналіста Анджэя Пачобута, асуджанага на восем гадоў, пазбавілі перапіскі з роднымі
- 7.10.2025, 11:15
Раней стала вядома, што палітвязень перанёс аперацыю ў турэмнай бальніцы.
Аксана Пачобут, жонка асуджанага на 8 гадоў журналіста Анджэя Пачобута, паведаміла, што палітвязня, верагодна, пазбавілі перапіскі з роднымі. Пра гэта Аксана напісала на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».
«Усё сведчыць пра тое, што Анджэй Пачобут пазбаўлены апошняга — перапіскі з роднымі. Пасля ШІЗА, дзе ён знаходзіўся да 23 верасня, яго адразу накіравалі на новы тэрмін у ПКТ (у 5-ы раз) на 6 месяцаў. Пасля выхаду з ШІЗА не было ніводнага ліста, што вельмі незвычайна», — напісала Пачобут.
Раней з Анджэем Пачобутам у калоніі сустрэлася кіраўніца Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс. Паводле яе слоў, Пачобут нядаўна перанёс аперацыю ў турэмнай бальніцы — вырэзалі язвы, якія ўтварыліся на скуры. Таксама ён пакутуе ад гіпертаніі і арытміі. Апошнім часам у яго часта бывае павышаны ціск.
Журналіста і лідэра Саюза палякаў Беларусі затрымалі ў 2021 годзе. У лютым 2023 года Пачобута прысудзілі да 8 гадоў калоніі паводле артыкулаў аб «распальванні варожасці» і «закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі» (артыкулы 130 і 361 КК).