WSJ: У Украіне знайшлі спосаб прадухіляць блэкаўты
- 7.10.2025, 11:08
Шэсць энергааб'ектаў ужо працуюць у Кіеўскай і Днепрапятроўскай абласцях.
Украіна ўвяла ў эксплуатацыю новую сістэму рэзервовых акумулятараў, распрацаваных у ЗША, якія размешчаныя ў цалкам сакрэтных месцах і забяспечваюць стабільнасць энергазабеспячэння нават пры магчымых атаках Расіі.
Як піша The Wall Street Journal, акумулятарныя паркі агульнай магутнасцю 200 мегават здольныя забяспечваць электраэнергіяй каля 600 тысяч дамоў на працягу двух гадзін.
«Што самае важнае, падчас бамбаванняў элементы сілкавання даюць інжынерам час на аднаўленне электразабеспячэння і прадухіленне адключэнняў электраэнергіі», — адзначаюць журналісты.
Агульны кошт праекта складае каля 140 мільёнаў долараў.
Паводле дадзеных журналістаў, цяпер шэсць энергааб'ектаў ужо функцыянуюць у Кіеўскай і Днепрапятроўскай абласцях.
Акумулятарныя паркі размешчаныя ў сакрэтных месцах, каб абараніць іх ад магчымых атак. Кожны блок можна хутка замяніць без перапынення працы ўсёй сеткі, што істотна павышае надзейнасць электразабеспячэння ў выпадку абвастрэння баявых дзеянняў.