У Польшчы прадставілі яшчэ адзін законапраект аб грамадзянстве
- 7.10.2025, 11:03
Беларусам да ўвагі.
Дэпутаты партыі «Права і справядлівасць» («ПіС») унеслі ў Сейм праект зменаў у закон аб польскім грамадзянстве. Яны прапануюць ужорстчыць умовы прызнання грамадзянамі ўсіх катэгорый імігрантаў, у тым ліку ўцекачоў і асоб польскага паходжання, піша Most.
Колькі трэба пражыць у Польшчы
6 кастрычніка праект унеслі ў Сейм дэпутаты «ПіС» Павел Хрэняк і Міхал Маскаль. Ён прапануе, каб у агульным выпадку прызнаць грамадзянінам Польшчы можна было замежніка, які бесперапынна пражывае ў Польшчы на падставе пастаяннага ВНЖ (сталага побыту) не менш як 10 гадоў (замест цяперашніх трох гадоў) і мае стабільны даход і права займаць жыллёвае памяшканне. Такая ж норма змяшчаецца ў праекце, які ўнёс у Сейм прэзідэнт Кароль Навроцкі.
Аднак калі ў прэзідэнцкім праекце ўмовы прызнання грамадзянамі асоб з Картай паляка, сужэнцаў грамадзян Польшчы і ўцекачоў не пераглядаюцца, то «ПіС» хоча перагледзець і іх.
Так, замежнікі са статусам уцекача павінны будуць пражыць на сталым побыце, атрыманым на падставе ўцекацтва, 10 гадоў (а не два, як цяпер), каб падаць дакументы на грамадзянства.
Пяць гадоў (замест цяперашніх двух) на падставе сталага побыту або статусу даўгатэрміновага рэзідэнта ЕС павінны будуць пражыць у Польшчы сужэнцы грамадзянаў Польшчы — пры гэтым у шлюбе яны павінны быць не менш за шэсць гадоў.
Таксама пяць гадоў (а не год, як цяпер) на пастаянным ВНЖ будуць чакаць грамадзянства замежнікі, якія маюць сталы побыт на падставе Карты паляка або польскага паходжання.
Акрамя таго, ужорстчаная яшчэ адна норма. Паводле дзеючага заканадаўства прэтэндаваць на грамадзянства можа любы замежнік, які легальна і бесперапынна пражывае ў Польшчы на працягу 10 гадоў і мае карту сталага побыту або даўгатэрміновага рэзідэнта ЕС. «ПіС» хоча павялічыць гэты тэрмін да 15 гадоў і пры гэтым увесці некалькі дадатковых умоваў. Апошнія пяць гадоў перад падачай заявы замежнік не можа карыстацца сацыяльнай дапамогай, якая прызначаецца людзям з вельмі нізкімі даходамі, не павінен прыцягвацца да крымінальнай адказнасці, а таксама абавязаны мець пазітыўную характарыстыку каменданта паліцыі па месцы пражывання за апошнія 10 гадоў.
Заўважым, што бесперапынным лічыцца знаходжанне, калі ні адзін выезд замежніка за межы Польшчы не перавышаў шасці месяцаў, а сумарная працягласць усіх выездаў не перавысіла 10 месяцаў. Такім чынам, з Польшчы за 15 гадоў нельга будзе ў суме з’ехаць больш чым на 10 месяцаў. Сюды не ўключаюцца толькі некаторыя паездкі, напрыклад камандзіроўкі ад польскай фірмы або стажыроўкі ад польскай навучальнай установы.
Польская мова і даведка аб несудзімасці
Дэпутаты «ПіС» прапануюць патрабаваць ад замежніка, які прэтэндуе на польскае грамадзянства, ведання мовы на ўзроўні не ніжэй за C1 (цяпер — B1), а таксама здачы Дзяржаўнага грамадзянскага экзамену, дзе будуць правяраць веды пра Польшчу.
Акрамя таго, замежнік павінен будзе прадставіць дакументы пра тое, што ён не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці ў сваёй краіне — відавочна, гэтае патрабаванне не змогуць выканаць замежнікі, якія маюць міжнародную абарону.
Якія перспектывы гэтага законапраекта
Цяпер у Польшчы падрыхтавана ўжо два законапраекты, якія ўскладняюць прызнанне замежнікаў грамадзянамі Польшчы: адзін паступіў ад Кароля Навроцкага, другі — ад «ПіС». Але яшчэ адзін законапраект абяцае падрыхтаваць урад. Пра гэта заявіў кіраўнік МУС Марцін Кервіньскі.
Наколькі можна папярэдне меркаваць, у ім не будуць перагледжаныя тэрміны жыцця ў краіне, але польскую мову трэба будзе ведаць на ўзроўні B2, да таго ж будзе ўведзены тэст прыкладна з 40 пытанняў, які правярае веды пра Польшчу і ступень інтэграцыі.
Апавядаючы пра гэтыя планы, Кервіньскі адзначыў, што і цяпер польскае грамадзянства атрымліваюць у агульным выпадку не за тры гады, як гэта часам падаецца. Тры гады неабходна пражыць у краіне толькі на падставе сталага побыту або карты рэзідэнта ЕС, а гэтыя дакументы можна атрымаць толькі праз пяць гадоў жыцця ў краіне.
Калі такі законапраект будзе распрацаваны, то, верагодна, за яго будзе галасаваць парламентская большасць.