У Літве раскрытыкавалі Меркель за апраўданне Пуціна
- 7.10.2025, 10:28
Дэпутаты літоўскага Сейма далі сваю ацэнку.
Дэпутаты літоўскага Сейма адрэагавалі на словы былой нямецкай канцлеркі Ангелы Меркель, якая звязала супраціў Польшчы і краін Балтыі прамым кантактам з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным з яго рашэннем уварвацца ва Украіну ў 2022 годзе.
Пра гэта паведамляе LRT.
Што папярэднічала
Нядаўна Меркель заявіла, што ў 2021 годзе разам з Эмануэлем Макронам яна хацела арганізаваць перамовы Еўрапейскага саюза з Пуціным. Аднак тады, нібыта, супраць гэтага выступілі краіны Балтыі і Польшча.
«У любым выпадку гэтага не адбылося. Потым я пакінула пасаду, і тады пачалася агрэсія Пуціна», — сказала Меркель.
Рэакцыя Літвы
Старшыня Камітэта па замежных справах Сейма, сацыял-дэмакрат Рэмігіюс Мотузас, заявіў, што заявы Меркель нельга лічыць афіцыйнай пазіцыяй Германіі. Паводле яго слоў, адносіны Еўропы і Расіі былі напружанымі задоўга да 2021 года.
«Крым быў акупаваны ў 2014 годзе, і насамрэч з 2015 года і да вайны ва Украіне ў 2022 годзе адносіны з Расіяй ужо былі напружаныя... Мінскія пагадненні не былі падпісаныя, гэта Расія іх сарвала, заблакавала і не пагадзілася з некаторымі пазіцыямі», — сказаў дэпутат.
Аднак ён пагадзіўся, што доўгі час пазіцыі дзяржаў Заходняй Еўропы і ўсходніх дзяржаў ЕС у дачыненні да Расіі разыходзіліся.
«Некаторыя дзяржавы Еўрапейскага саюза, верагодна, усё яшчэ спадзяваліся, што Расія празрэе, і не чакалі гэтага паўнамаштабнага ўварвання. Яны ўсё яшчэ спадзяваліся, і з гэтага, верагодна, можна зрабіць выснову, што яшчэ ў 2015 годзе тая ж Германія падпісала з Расіяй пагадненне аб газаправодзе «Паўночны паток-2», — сказаў Мотузас.
А вось кансерватар Жыгімантас Павільёніс заявіў, Меркель патурае Пуціну.
«Меркель прадстаўляе даўнюю традыцыю патурання Пуціну, дзякуючы якой расійскія танкі цяпер знаходзяцца і ў Грузіі, і ва Украіне. І калі б гэтая лінія працягвалася сёння, баюся, яны (расійскія танкі — рэд.) апынуліся б недзе па дарозе ў Берлін і на нашай тэрыторыі», — сказаў ён.
Ён таксама звязвае падобныя заявы Меркель з унутранай палітыкай Германіі. Бо цяперашняму канцлеру Германіі Фрыдрыху Мерцу няпроста праводзіць новую знешнюю палітыку — яго рэйтынгі ўпалі, таму Меркель карыстаецца гэтай сітуацыяй.
«Думаю, цяпер яна спрабуе падняць хвалю гэтых аматараў Расіі, аматараў «знатакоў» Пуціна супраць Мерца», — сказаў ён.