ЗСУ паразілі ключавы аб’ект ВПК Расіі
- 7.10.2025, 8:09
Гэты завод з’яўляецца адзіным вытворцам актагена і гексагена ў прамысловых маштабах.
Генеральны штаб ЗСУ паведаміў у панядзелак, 6 кастрычніка, пра паражэнне аднаго з ключавых аб’ектаў расійскага вайскова-прамысловага комплексу — прадпрыемства «Завод імя Я. М. Свердлава», што знаходзіцца пад горадам Дзяржынскам у Ніжагародскай вобласці за 750 км ад мяжы з Украінай. Аналітыкі Defense Express растлумачылі, чаму гэта важная мэта для ЗСУ.
Адзначаецца, што паспяховы ўдар па заводзе быў нанесены нягледзячы на даволі магутную супрацьпаветраную абарону аб’екта. Аналітыкі мяркуюць, што для атакі выкарыстоўваліся далёкабійныя дроны.
Аналітыкі дадалі, што да гэтага ўкраінскія вайскоўцы паспяхова атакоўвалі пастаўшчыка сыравіны для «Завода імя Свердлава» — нафтаперапрацоўчы завод «Сібур-Кстава». На гэты раз жа Генштаб ЗСУ ужо паведамляў пра атаку на непасрэднага вытворцу выбухоўкі.
Як патлумачылі эксперты, «Завод імя Я. М. Свердлава» аб’ектыўна можна лічыць мэтай №1 і адным з ключавых аб’ектаў ВПК РФ, бо гэта найбуйнейшы вытворца выбуховых рэчываў у Расіі. Акрамя таго, паводле расійскіх дэкларацый, ён з’яўляецца адзіным у краіне вытворцам актагена і гексагена, прынамсі ў прамысловых маштабах.
Аналітыкі дадаюць, што імі снараджаецца абсалютная большасць вядомай наменклатуры расійскіх боепрыпасаў усіх відаў — ад артылерыйскіх снарадаў да балістычных ракет. Больш за тое, побач з гэтым заводам усяго за 4 км працуе «53-і Арсенал», які займаецца снаражэннем авіябомбаў, у тым ліку ФАБ-3000, і артылерыйскіх снарадаў.
Выданне дадало, што прадпрыемства было заснавана ў 1916 годзе, а яго развіццё прыйшлося на савецкія часы. Таму, на думку аналітыкаў, назваць такую мэту лёгкай для паражэння немагчыма, бо ўсе вытворчыя і лагістычныя працэсы максімальна разнесены і абвалаваны. Тлумачыцца, што гэта зроблена наўмысна, каб не дапусціць маштабнай дэтанацыі і разбурэнняў.
Таму, падсумавала выданне, атакі «Завода імя Свердлава» патрабуюць не толькі адпаведных сродкаў — а далёкабійныя дроны цяжка назваць ідэальным выбарам праз іх невялікую баявую частку — але і іх колькасці, а таксама метадычнасці саміх удараў.