Аўтаматы са снэкамі і напоямі могуць з’явіцца ў мінскіх школах
- 7.10.2025, 5:52
Пілотны праект быў запушчаны яшчэ месяц таму.
Мінскім школьнікам стане значна прасцей набыць перакус на перапынках. Усё дзякуючы гандлёвым аўтаматам са снэкамі і напоямі, якія плануюць усталёўваць у школах. Пра гэта БелТА распавяла старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Ільіна.
Аказваецца, найбольш папулярнае месца на перапынку ў вучняў — буфет. Але часта за 10–15 хвілін школьнікі проста не паспяваюць там набыць што-небудзь смачненькае. А арганізм, што расце, патрабуе шмат энергіі!
Паспрабаваць вырашыць гэтую праблему спачатку вырашылі ў сярэдняй школе №52 г. Мінска — там паставілі першы вендынгавы аўтамат. Паводле слоў Марыны Ільінай, гандлёвая прылада карыстаецца немалым попытам.
«Вучні маглі набыць сок, печыва, тыя прадукты, якія дазволеныя і якія можна было туды змясціць. Пазней мы прааналізуем і эканамічную складовую пілотнага праекта. Калі эксперымент пройдзе ўдала і апарат сябе апраўдае, то мы паставім аналагічныя і ў іншыя ўстановы адукацыі», — распавяла старшыня камітэта па адукацыі.
Паводле слоў дырэктара камбіната школьнага харчавання Мінска Людмілы Крупскай, пілотны праект быў запушчаны яшчэ 5 верасня. Сярод першых тавараў, якія ўжо можна набыць, — вафлі, зефір, вада і сок. У хуткім часе ў спіс плануюць уключыць яшчэ і выпечку.