BE RU EN

У 30 рэгіёнах Расіі ўзнік недахоп звалак

  • 7.10.2025, 2:00

Можа адбыцца смеццевы калапс.

Заканадаўцы заявілі пра недахоп у 30 рэгіёнах Расіі смеццевых палігонаў і прапанавалі падоўжыць яшчэ на тры гады тэрмін эксплуатацыі несанкцыянаваных звалак, які раней ужо падаўжалі з 2023-га да 2026 года. Пра гэта піша «Расійская газета» са спасылкай на ўнесены ў Дзярждуму заканадаўчым сходам Амскай вобласці праект адпаведнага закона.

Згодна з тлумачальнай запіскай, дэфіцыт магутнасцяў для вывазу смецця назіраецца на «аддаленых і цяжкадаступных тэрыторыях», уключаючы Амурскую вобласць, Якуцію, Камчацкі і Краснаярскі краі і інш. Там «часцяком цалкам адсутнічаюць аб'екты размяшчэння адходаў», а з-за суровых прыродных умоў будаўніцтва новых палігонаў затратнае і па грошах, і па часе. «Закрыццё ў 2026 годзе старых звалак ЦКА, уведзеных у эксплуатацыю да 2019 года і якія не маюць дакументацыі, можа прывесці да смеццевага калапсу», — заявіў намеснік кіраўніка камітэта Савета Федэрацыі па аграрна-прамысловай палітыцы і прыродакарыстанні Ігар Зубараў.

Паводле яго слоў, з-за бягучай «сацыяльна-эканамічнай сітуацыі» ў рэгіёнаў няма магчымасці своечасова абнавіць смеццевыя палігоны. Аўтары ініцыятывы, у сваю чаргу, заяўляюць, што тэмпы ўводу новых аб'ектаў «значна ніжэйшыя» за тэмпы ўтварэння смецця з-за абмежаванняў па максімальных памерах платы за жыллёва-камунальныя паслугі, якія ў 2025 годзе ў сярэднім па краіне выраслі на рэкордныя за дзесяцігоддзе 13,4%.

Заканадаўцы канстатуюць, што рэшткавая ўмяшчальнасць палігонаў ЦКА, пабудаваных у 2022–2025 гадах, будзе вычарпаная да 2030 года. Паводле слоў Зубарава, актыўная рэалізацыя запушчанай яшчэ шэсць гадоў таму «смеццевай рэформы», у рамках якой у краіне мусіла з'явіцца адладжаная сістэма збору і перапрацоўкі адходаў, «прывядзе да росту тарыфаў для насельніцтва».

У 2018 годзе прэзідэнт Уладзімір Пуцін абяцаў да 2024 года стварыць у краіне сетку як мінімум з 200 смеццеперапрацоўчых заводаў (МСЗ). Побач з будаўніцтвам індустрыі перапрацоўкі адной з першачарговых задач ён вылучаў менавіта ліквідацыю незаконных звалак. «Дзяржава ў асобе рэгіёнаў, а затым муніцыпалітэтаў павінна ствараць умовы для раздзельнага збору смецця і яго далейшай утылізацыі», — казаў дыктатар РФ.

У 2019 годзе на фоне экалагічных пратэстаў жыхароў шэрагу рэгіёнаў, у тым ліку ў Маскоўскай вобласці, з-за звалак і іх стану ўлады ініцыявалі «смеццевую рэформу». Па стане на пачатак 2024-га, паводле падлікаў аўдытарска-кансалтынгавай сеткі «Фінэкспертыза», у Расіі было 10,3 тыс. несанкцыянаваных звалак — мінімальная колькасць за пяць папярэдніх гадоў.

Згодна з данымі Распрыроднагляду на канец 2023 года, плошча звалак у РФ перавышала 4 млн га, што супастаўна з плошчай Нідэрландаў або Швейцарыі. Да 2050 года пры адсутнасці мер па ўтылізацыі і перапрацоўцы адходаў, уключаючы ліквідацыю смеццевых палігонаў, звалкі зоймуць амаль 1% плошчы краіны.

Апошнія навіны