Генштаб ЗСУ анансаваў стварэнне ва Украіне новага роду войскаў
- 6.10.2025, 18:09
У краіне могуць з’явіцца кіберсілы.
У складзе Узброеных сіл Украіны могуць з’явіцца новыя войскі — кіберсілы. Праект адпаведнага закона будзе разгледжаны ў Вярхоўнай Радзе 7 кастрычніка, паведамляецца ў тэлеграм-канале Генштаба ЗСУ.
«У Узброеных сілах Украіны працягваецца працэс нарошчвання магчымасцяў для барацьбы ў кіберпрасторы», — гаворыцца ў паведамленні.
7 кастрычніка ў Вярхоўнай Радзе запланаваны разгляд у першым чытанні законапраекта № 12349 «Аб кіберсілах Узброеных сіл Украіны». Яго распрацавала рабочая група, у склад якой уваходзілі спецыялісты Генштаба ЗСУ.
Стварыць кіберсілы ва Украіне прапанавалі ў кастрычніку 2024 года. Тады вайскоўцы абмеркавалі канцэпцыі новага роду войскаў з народнымі дэпутатамі Украіны. Праект разглядалі з улікам досведу арганізацыі кібервойскаў у вядучых дзяржавах свету, удакладнілі ў Генштабе ЗСУ.